Каля 150 хворых ня выйшлі на сьняданак. Яны патрабуюць паляпшэньня ўмоваў лячэньня. Галоўны ўрач Вячаслаў Доўгаль лічыць іх патрабаваньні неабгрунтаванымі.

У «Нашу Ніву» зьвярнуўся пацыент Рэспубліканскай тубэркулёзнай бальніцы «Наваельня» (Дзятлаўскі раён, Гарадзеншчына) Сяргей Воранаў. Па яго словах сёньня на сьняданак ня выйшла каля 150 хворых. Пацыенты незадаволеныя ўмовамі знаходжаньня ў бальніцы.

«У палатах сыра і халодна — каля 14‑15 градусаў вышэй за нуль, брудна — на першым паверсе сьцены чорныя, кормяць абы як» — распавёў сп. Воранаў.

Паводле яго, у душ хворых водзяць два разы на тыдзень, гарачая вада бывае перад прыёмам ежы — тры разы на дзень. Да ўсяго тэрыторыю бальніцы абнесьлі трохмэтровым плотам:

«Нас не выпускаюць у пасёлак, няма дзе гуляць, а мы, між іншым, знаходзімся тут добраахвотна».

Хворыя сабралі подпісы з патрабаваньнямі і перадалі яго галоўнаму ўрачу Мечыславу Доўгалю.

Спадар Доўгаль пацьвердзіў інфармацыю пра галадоўку:

«Так, пэўная частка пацыентаў сёньня адмовілася ісьці на сьняданак».

Урач паведаміў, што згодна з правіламі ўнутранага распарадку хворым забаронена пакідаць тэрыторыю бальніцы.

«Гэта зьвязана са скаргамі мясцовага насельніцтва — было сабрана каля 500 подпісаў і яшчэ зьбіраюць» — патлумачыў сп. Доўгаль.

Па яго словах, кіраўніцтва РТБ выконвае распараджэньне Міністэрства аховы здароўя, і кожнаму пацыенту пры паступленьні на лячэньне паведамляецца пра гэтае абмежаваньне, і той падпісвае адпаведны дакумэнт.

«Астатнія іх нараканьні неабгрунтаваныя і выкліканыя толькі тым, што ім не даюць выходзіць за тэрыторыю» — кажа Мечыслаў Андрэевіч.

Па яго словах, у палатах тэмпэратура 18‑20 градусаў, харчаваньне у межах нормы, на тэрыторыі бальніцы ўсталяваныя тэлефонныя апараты з выхадам на міжгароднюю сувязь, а таксама працуе камэрцыйны шапік. Сама бальніца месьціцца ў хвойніку.

«Але некаторым хочацца купіць цыгарэтаў, піва і віна ў горадзе» — зазначыў галоўурач.

***

20:15. Як паведаміў Сяргей Воранаў, галадоўшчыкі патрапілі ў няпростую сытуацыю: яны ня могуць доўга трымаць галадоўку, бо ў такім стане ім надзвычай шкодна прымаць лекі. А ў сваю чаргу адмова ад лекаў ёсьць парушэньнем лекавага працэсу, што можа пацягнуць за сабой перавод у лякарню зачыненага тыпу. Там сухотнікаў будуць лячыць прымусова. «Нас ужо палохаюць такім пераводам» — кажа ён.

Паводле ўдзельнікаў галадоўкі, выкладзеныя ў лісьце да кіраўніцтва РТБ прэтэнзіі падтрымалі некаторыя прадстаўнікі пэрсаналу бальніцы, у першую чаргу санітары. Падпісанты ліста вельмі спадзяюцца на розгалас іх акцыі ў СМІ. Інакш праблему замнуць, перавёўшы нязгодных па іншых лякарнях, мяркуюць яны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?