У Мазыры мяккая цацка — сабака‑далмацін — выратавала жыццё 20‑гадоваму хлопцу, якога спрабавалі зарэзаць. Пра абставіны здарэння БелаПАН паведаміў следчы пракуратуры Мазырскага раёна Уладзімір Петранчук.

Паводле яго слоў, 10 студзеня ў Мазыры кампанія маладых людзей бавіла вольны час за распіццем спіртных напояў. «У нейкі момант паміж знаёмымі ўзнікла сварка, — сказаў У.Петранчук. — Дваццацігадовы раней судзімы хлопец вырашыў, што найлепшы спосаб даказаць, што ён мае рацыю, — гэта грубая фізічная сіла. Ён схапіў нож і нанёс ім удар у жывот свайму таварышу. А другому ён спрабаваў нанесці ўдары нажом у вобласць жыццёва важных органаў. Але пацярпелы як сродак абароны выкарыстаў мяккую цацку, што выратавала яму жыццё. Усе нажавыя раненні дасталіся цацачнаму далмаціну».

10 студзеня ў дачыненні да злачынца была распачата справа за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў (артыкул 147 Крымінальнага кодэкса). 12 студзеня пракуратура распачала справу на падставе артыкула 139 КК (замах на забойства). Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад 6 да 15 гадоў. Цяпер падазроны затрыманы і знаходзіцца пад арыштам.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0