Каб набыць пэўную суму ў далярах ці еўра, давядзецца пабегаць па абменніках. Але калі ёсць час і крыху ўдачы, то набыць некалькі тысяч цалкам магчыма.

У аўторак у некаторых абменніках можна было адразу купіць па тысячы і долараў, і еўра. Напрыклад, у непрыкметным акенцы банку «БелВЭБ» ля сталічнага ЦУМа можна было ўзяць нават і паўтары. У аддзяленні «Хоум Крэдыт Банку» таксама праблем няма – сказалі, што прададуць любую патрэбную суму.

Але ў большасці банках можна набыць толькі тое, што наздавалі за дзень іншыя кліенты. Пры гэтым, амаль паўсюль хоць трошкі валюты, але знойдзецца. І пытацца трэба ва ўсіх касах – у аддзяленні «БПС-Сбербанка» ў адным акенцы не было нічога, затое ў другім – $150. У Беларускім народным банку даляраў знайшлося няшмат, каля $30, але прапанавалі 300 еўра. Пры гэтым было бачна, што валюты ў касе хапае. «Гэта не для продажу, - папярэдзіла касірка. – Мы прадаем толькі тое, што здаюць».

Калі пашанцуе, то можна трапіць у банк як раз пасля такога заможнага кліента. Прыняўшы ад папярэдняй жанчыны салідны стос даляраў, касірка «Франсабанка» паведаміла наступнаму кліенту, што можна купіць паўтары тысячы даляраў. Але толькі 45 еўра.

Самымі «беднымі» апынуліся вялікія аддзяленні «Беларусбанка» і банка «ВТБ». Ні там, ні там валюты не было ўвогуле.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?