29 студзеня міністры замежных спраў ЕС могуць абмеркаваць пытанне аб адключэнні Расіі ад сістэмы SWIFT. Калі такое рашэнне будзе прынята, то яно прывядзе да спынення пераводаў і абмену інфармацыяй паміж расійскімі і замежнымі банкамі.

Агенцтва Bloomberg са спасылкай на прадстаўніка Еўракамісіі, які адказвае за складанне новага спісу санкцый у дачыненні да Расеі, паведаміла, што міністры замежных спраў краін ЕС на сустрэчы 29 студзеня разгледзяць пашырэнне забароны на экспарт у тых ці іншых тэхналогій у Расію, пашырэнне пераліку расійскіх кампаній і банкаў, якім забаронена будзе прыцягваць грошы ў ЕС, а таксама забарону Расіі выкарыстоўваць сістэму SWIFT.

Прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў рэзка адрэагаваў на інфармацыю аб магчымым адключэнні SWIFT. «У выпадку прыняцця такіх рашэнняў хацеў бы адзначыць, што наша эканамічная рэакцыя, дый наогул ўсякая іншая, будзе без абмежаванняў», — сказаў Мядзведзеў.

У гэтым месяцы магчымае адключэнне SWIFT каментаваў у Давосе кіраўнік Внешторгбанка Андрэй Косцін. «Калі такое здарыцца, гэта прывядзе да імклівага пагаршэння адносін паміж Усходам і Захадам. Калі гэта здарыцца, на наступны дзень паслы ЗША ў Расіі і Расіі ў ЗША могуць пакідаць сталіцы. Такое ўжо было ў адносінах ЗША і Ірана. Гэта азначае поўную адсутнасць дыялогу», — сказаў тады Косцін.

Па словах Косціна, адключэнне SWIFT азначала б, што краіны знаходзяцца на мяжы вайны і ўжо дакладна ўвайшлі ў стадыю халоднай вайны.

SWIFT (Society for worldwide interbank financial telecommunications) — гэта кааператыўная супольнасць міжбанкаўскіх фінансавых тэлекамунікацый са штаб-кватэрай у Бруселі. Дзякуючы гэтай сістэме банкі абменьваюцца дакументамі і плацяжамі ва ўсім свеце. На дадзены момант у банкаў для ўзаемадзеяння з замежнымі контрагентамі ў плане валютных пераводаў і абмену дакументамі альтэрнатывы SWIFT практычна няма.

Прапанова ўжыць такую меру ўпершыню прагучала ў верасні мінулага года. З такой ініцыятывай выступалі Еўрапарламент і прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран.

Тым не менш, такое рашэнне пакуль малаімавернае. Можна меркаваць, што Захад адкладзе яго на выпадак, калі расійскія сілы перакрочаць межы Данецкай і Луганскай абласцей, каб захапіць яшчэ і калідор у Крым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?