Новы прэм'ер-міністр Грэцыі, лідар радыкальна-левай кааліцыі Сірыза Алексіс Цыпрас паставіў пад сумнеў патрэбу ўводзіць новыя санкцыі Еўрасаюза супраць Расіі ў адказ на прасоўванне расійскіх сілаў у Данбасе і абстрэлы Марыупаля.

Як паведамляюць грэчаскія СМІ, Цыпрас «абвінаваціў лідэраў ЕС у тым, што яны не кансультаваліся з Грэцыяй» у гэтым пытанні. Ён таксама сцвярджае, што ЕС «абыходзіць устаноўленыя працэдуры» і што ЕС «не атрымліваў згоды Грэцыі» на санкцыі да Расіі.

Пра гэта, як паведамляюць СМІ, Цыпрас паведаміў у тэлефоннай размове з каардынатаркай еўрапейскай дыпламатыі Федэрыкай Магерыні.

Міністры замежных спраў Еўрасаюза сустракаюцца ў чацвер. Выбары ў Грэцыі прайшлі ў нядзелю, а новы ўрад быў прызначаны ў аўторак. 

У Еўрасаюзе рашэнні прымаюцца кансэнсусам. Таму радыкальна левы ўрад Грэцыі зможа блакаваць любыя рашэнні ЕС, скіраваныя на стрымліванне расійскага наступу ва Украіне ці на абарону правоў чалавека ў Беларусі.

У Еўрапарламенце Сірыза ўваходзіць у еўрапейскі блок «Еўрапейскія левыя». Лідар Сірыза Алексіс Цыпрас нават быў кандыдатам ад гэтага згуртавання на пасаду кіраўніка Еўракамісіі. А Еўрапейскія левыя традыцыйна выступаюць супраць санкцый да Расіі за яе агрэсію ва Украіне. Яны ўскладаюць віну за падзеі ў Крыме і Данбасе на цэнтральны ўрад Украіны.

Таксама левыя галасавалі супраць абмежавальных мераў у дачыненні да лукашэнкаўцаў за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Галоўны вораг для еўрапейскай радыкальнай лявіцы — гэта ЗША і правыя сілы ў Еўропе. У змаганні з імі яны гатовыя яднацца нават з дыктатарамі. Чавэс — кумір еўрапейскіх левых, а Пуцін — надзея на змену статус-кво на сусветнай палітычнай арэне. Некаторыя з палітычных сілаў, што ўтварылі Сірызу, атрымлівалі фінансаванне з Масквы яшчэ ў савецкія часы.

Палітолагі не даюць рады прадказаць, як будуць разгортвацца падзеі пасля перамогі Сірызы. У палітычных колах Германіі не выключалі варыянту выхаду Грэцыі з еўразоны і Еўрасаюза ўвогуле — першы такі выпадак у гісторыі ЕС.

Большасць аналітыкаў у самой Грэцыі дапускаюць, што пасля прыходу да ўлады Сірыза не будзе выконваць большасці перадвыбарных абяцанняў і працягне выкананне патрабаванняў міжнародных крэдытораў, каб утрымацца ў еўразоне. Дзве траціны грэкаў хочуць захавання еўра. Галасаванне за Сірызу — пратэстнае па сваім характары.

Камуністы і радыкалы ўваходзілі ва ўрадавыя кааліцыі ў еўрапейскіх краінах і раней. Гэта здаралася ў Францыі пры Франсуа Мітэрану, у Італіі ў 1990—2000-я. Гэта не прывяло да дэзінтэграцыі ЕС, але накладвала адбітак на палітыку саюза. Розніца ў тым, што Сірыза — самая радыкальная палітычная сіла, якая калі-кольвек прыходзіла да ўлады ў краіне ЕС. Акрамя таго, Грэцыя — праваслаўная краіна, а аслаблення Еўрасаюза дабіваецца Крэмль. 

Варта адзначыць, што склад урада Цыпраса дае надзею, што Грэцыя захавае праеўрапейскі выбар. Ключавыя пасады ў МЗС, Мінфіне і Мінабароны занялі праеўрапейскія дзеячы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?