Прэзентацыя iPhone 6. Фота фота Andrea Chang, Los Angeles Times

Прэзентацыя iPhone 6. Фота фота Andrea Chang, Los Angeles Times

Квартальная справаздача Apple утрымлівае надзвычай вялікія лічбы. З верасня па снежань кампанія прадала 74,5 млн смартфонаў iPhone, што амаль на палову больш за аналагічны паказнік у мінулым годзе. На долю смартфонаў прыйшлося 69% выручкі.

Кожную гадзіну Apple прадавала 34 тысячы «айфонаў». Шэры iPhone 6 Plus стаў мільярднай прыладай на аперацыйнай сістэме iOS.

Сярэдняя цана iPhone вырасла на 50 даляраў у параўнанні з мінулым годам і склала 687 даляраў. Як ні дзіва, рост цэн адбыўся па волі спажыўца: карыстальнікі самі аддалі перавагу больш дарагім мадэлям.

Нягледзячы на няспыннае падзенне рынку персанальных камп’ютараў, Apple прадала 5,5 млн сваіх камп’ютараў Mac, што на 0,7 млн больш за апошні квартал мінулага года. Вырасла і выручка ад AppStore, iTunes і іншых лічбавых сэрвісаў, яна склала 4,8 млрд даляраў альбо 6,5% ад усёй выручкі. Але планшэты iPad прадаюцца горш і горш чатыры кварталы запар, за апошні рэалізавана 21,4 млн планшэтаў, што на 4,6 млн меней за апошні квартал 2013 года.

Агулам выручка кампаніі склала за названы перыяд 74,6 млрд даляраў (амаль на траціну больш за апошні квартал 2013 года), а прыбытак — 18 млрд даляраў. Абодва паказнікі — абсалютны рэкорд Apple.

Асноўная прычына поспехаў Apple — прадстаўленыя ў верасні 2014 года iPhone 6 і iPhone 6 Plus. Але з той прэзентацыі яшчэ не ўсе прадукты трапілі на рынак. Як паведаміў гендырэктар кампаніі Цім Кук, прадстаўлены тады ж разумны гадзіннік Apple Watch з’явіцца ў продажы ў красавіку 2015 года па цане ад 349 даляраў за самую простую мадэль.

Чытайце таксама: Пяць прынцыпаў Стыва Джобса, якім здрадзіла Apple

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?