Фота: bushcampcompany.com
Брытанскі эколаг Ліджыя Дорвард засняў на камеру ў Паўднёвай Афрыцы гіпапатама, які пажыраў свайго суродзіча. Свае назіранні за канібалізмам траваедных гігантаў ён апублікаваў у часопісе African Journal of Ecology.
Амерыканскі біёлаг Джозэф Дадлі ўжо шмат год збірае сведчанні крыважэрнасці гіпапатамаў. Па ўсім арэале зафіксавана толькі шэсць выпадкаў, затое даволі разнастайных: гіпапатамы могуць харчавацца антылопамі, сланянятамі і, як у выпадку Дорварда, гіпапатамамі.
Спецыяліст па гіпапатамах Кіт Элтрынгем мяркуе, што да такога жыцця жывёл давялі людзі. Праз адстрэл жывёл дзеля мяса і зубоў, голад ды знікненне крыніц прэснай вады гіпапатамы пераходзяць да драпежнага ладу жыцця.
Дадлі жа перакананы, што такія паводзіны былі ўласцівыя гіпапатамам спрадвеку. Ён спадзяецца, што бум сафары-індустрыі ў Афрыцы дазволіць дзякуючы выпадковым відэа турыстаў атрымаць больш інфармацыі і патлумачыць факты канібалізму гіпапатамаў.
***
Гіпапатам — навуковая назва жывёл (лацінізаванае грэчаскае слова, што значыць «рачны конь»), якія ў народзе таксама завуцца бегемотамі. Бегемот — біблейскі дэман абжорства, чыім імем сталі называць гіпапатамаў ва Усходняй Еўропе з XVIII стагоддзя. Магчыма, асацыяцыю з дэманам выклікаў апетыт жывёлы, якая павольна перажоўвае чатыры дзясяткі кіло травы на дзень. Адна легенда кажа, што назва прыжылася ад імя цыркавога гіпапатама, які запомніўся простаму люду сваімі немалымі памерамі.