Гарачыя пачуцці двух жыхароў Карэліцкага раёна да адной і той жа прадстаўніцы слабага полу скончыліся тым, што высветліць адносіны хлопцы вырашылі пры дапамозе сілы.
Як паведамляе прэс-служба Гарадзенскага УУС, адзін з «дуэлянтаў» раней жыў разам з дзяўчынай у яе дома. Ён не змог ужыцца з маці дзяўчыны і з’ехаў, але па-ранейшаму падтрымліваў адносіны са сваёй каханай.
Аднак у дзяўчыны з’явіўся яшчэ адзін прыхільнік. Пасля некалькіх гутарак па тэлефоне маладыя людзі дамовіліся аб сустрэчы. Спачатку яны выпілі і памірыліся, але ў канцы п'янкі ўсё ж вырашылі зладзіць бойку ў фармаце «сам-насам». Дамовіліся, што той, хто прайграе, не будзе перашкаджаць пераможцу ў яго рамантычных стасунках.
У выніку, «прэтэндэнт» збіў свайго апанента так, што хлопец трапіў у рэанімацыю з цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі. Пры гэтым ён так і не паведаміў, хто яго збіў. Выяўляць асобу падазраванага прыйшлося аператыўным шляхам. У дачыненні да яго распачатая крымінальная справа па ч.1 ст.147 КК РБ «Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання».