Больш за 30 беларускіх жанчын з Мінска, Бабруйска (Магілёўская вобласць), Барысава, Жодзіна, Маладзечна і Салігорска (Мінская вобласць), Гродна і Ліды (Гродзенская вобласць), Мазыра (Гомельская вобласць), Пастаў (Віцебская вобласць) і Пружан (Брэсцкая вобласць) просяць Уладзіміра Пуціна аказаць садзейнічанне ў сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Аб гэтым гаворыцца ў сямі тэлеграмах, што накіраваны з 12 па 14 студзеня прэзідэнту Расіі ад сваячак асуджаных, а таксама ад нязгодных з рашэннямі судоў па сваіх грамадзянскіх справах.

Як паведаміла БелаПАН адна з падпісантаў звароту мінчанка Людміла Кучура, на працягу некалькіх гадоў яна спрабавала сама і са сваімі калегамі па няшчасці сустрэцца з кіраўніком дзяржавы: «Рашэнні, што прынятыя раней па справах нашых блізкіх, мы лічым незаконнымі, бо яны не абгрунтаваны і прыняты з парушэннямі заканадаўства». Апрача таго, паводле яе слоў, на свае канкрэтныя пытанні жанчыны "атрымліваюць адпіскі ад службовых асоб суда і Генеральнай пракуратуры", а з многімі з іх «чыноўнікі наогул спынілі перапіску».

«9 студзеня гэтага года мы зноў звярнуліся ў Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай аб асабістым прыёме ў Аляксандра Лукашэнкі, аднак 11 студзеня атрымалі адмову за подпісам начальніка ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян Адміністрацыі прэзідэнта Станіслава Буко. Таму мы накіравалі тэлеграмы прэзідэнту Расіі, улічваючы яго вялікія магчымасці і ўплыў на кіраўніка беларускай дзяржавы», — сказала Л.Кучура.

Гэта жанчына, чый муж быў прыгавораны да 18 гадоў зняволення за забойства егера на паляванні, на працягу многіх гадоў дамагаецца перагляду прыгавору і ў канцы мінулага года звярнулася са скаргай у Камітэт па правах чалавека ААН.

У інтэрв'ю БелаПАН юрыст Тамара Сяргей зазначыла, што згодна з артыкулам 79 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прэзідэнт з'яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. «І грамадзяне, з якімі вышэйшыя службовыя асобы суда і пракуратуры спыняюць перапіску, могуць спадзявацца толькі на асабісты ўдзел прэзідэнта Беларусі. Паколькі жанчынам адмовілі ў прыёме ў кіраўніка дзяржавы, яны трапілі ў бязвыхаднае становішча і мусілі звярнуцца да Уладзіміра Пуціна. Шкада, што жанчыны пайшлі на такі крок, прычыну яго бачу ў немагчымасці рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод беларускіх грамадзян», — заявіла Т. Сяргей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?