Міністр замежных спраў Уладзімір Макей назваў абсалютна няправільнай думку аб тым, што пры адмене візавага рэжыму ў Беларусь накіруюцца патокі замежных наведвальнікаў, што дазволіць прыцягнуць у краіну дадатковыя валютныя сродкі.

Пра гэта міністр, атрымаўшы слова ад прэзідэнта, заявіў 29 студзеня ў Мінску падчас прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. 

Для таго каб у Беларусь сталі больш актыўна прыязджаць замежнікі, «трэба яшчэ распачаць шэраг іншых мер, як бы зацікавіць, чаго сюды прыязджаць», адзначыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства рэспублікі. «Палягчэнне візавага рэжыму з'яўляецца важным пытаннем, але не самым вырашальным», — сказаў ён. 

Пры гэтым працэс атрымання беларускай візы, паводле слоў Макея, не ўяўляе для замежных грамадзян абсалютна ніякай складанасці, асабліва ў параўнанні з працэдурай атрымання шэнгенскай візы. 

«Існуе шэраг пагадненняў аб бязвізавых ўездах па агульнаграмадзянскіх пашпартах з 17 дзяржавамі свету, яшчэ прыкладна з 42 дзяржавамі ёсць пагадненні аб бязвізавых ўездах па дыпламатычных і службовых пашпартах. Гэты працэс таксама пастаянны. Мы цяпер вядзём перамовы з некалькімі дзяржавамі па аблягчэнні візавага рэжыму для грамадзян нашых краін», — паведаміў кіраўнік МЗС. Ён дадаў, што ў мінулым годзе беларускі бок прыняў шэраг рашэнняў аб аблягчэнні ўезду замежных грамадзян, якія жадаюць вучыцца ці весці бізнес у Беларусі. 

Паводле слоў кіраўніка МЗС, Беларусь не з'яўляецца ідэальнай краінай у пытанні візавага рэгулявання, і, магчыма, «прасцей было б наогул адмяніць візы». «Але трэба глядзець і з пункту гледжання бяспекі, эканамічнага, сацыяльнага і ваеннага складніка. Вы бачыце, што адбываецца ў іншых краінах, і мы павінны глядзець на тое, хто да нас будзе прыязджаць, мы не павінны расхінаць дзверы насцеж», — падагуліў Макей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?