Паніку на біржах выклікала заўвага Аляксандра Лукашэнкі, што Беларусь будзе дабівацца рэструктурызацыі сваёй запазычанасці ў сувязі з тым, што на 2015-ы прыпадае пік выплат па замежных пазыках.
Трымальнікі аблігацый інтэрпрэтавалі гэта як знак таго, што наша краіна стаіць на мяжы дэфолту.
У выніку каціроўкі беларускіх бондаў абваліліся на 20—30% за гадзіну.
Гэты факт не застаўся без увагі беларускіх фінансістаў, і Аляксандру Лукашэнку падалі запіску з просьбай выправіцца.
Ён вымушаны быў вярнуцца да тэмы запазычанасці і ўдакладніць: ён меў на ўвазе не рэструктурызацыю, а рэфінансаванне, Беларусь будзе старанна расплачвацца па даўгах.
Агулам прэс-канферэнцыя доўжылася рэкордны час — больш за 7 гадзін. Беларусы звыклыя да шматслоўнага стылю Аляксандра Лукашэнкі. Свет міжнародных фінансаў, аднак, прывучаны сачыць за словамі.