Дзяніс Блішч

Па словах Дзяніса Блішча, сёння яго апошні дзень у якасці галоўнага рэдактара папулярнага беларускага парталу Onliner.by. «Гэта былі крутыя гады, за якія я ўдзячны лёсу і ўсім, хто мае дачыненне», — піша ён.

Аб прычынах сыходу і далейшых планах ён распавёў ў вялікім інтэрв’ю Marketing.by.

«Калі я прыйшоў у Анлайнер, сайт наведвала каля 40 тысяч чалавек на дзень і добра калі 5 тысяч чыталі навіны. Цяпер можна казаць пра тое, што рэдакцыйны пласт на сайце цікавы тром сотням тысяч чалавек штодзень», — кажа ён.

Прычынай сыходу ён называе выслугу гадоў:

«Немагчыма быць у тонусе, калі сядзіш на адным месцы так доўга. Калі ўявіць чалавека як творчую адзінку, то яго падыходы да працы старэюць разам з ім, калі доўга-доўга не змяняецца сутнасць самай працы».

Ён дадае: «Пара зрушыцца: у мяне куча ідэй, якія я хачу рэалізаваць, і ў фармат Onliner.by яны не ўпісваюцца».

Блішч сцвярджае, што яго сыход не звязаны ні з прыходам новага кіраўніка Ксеніі Шураўкі, ні з сыходам дырэктара Аляксандра Стэльмаха. Ідэя пакінуць кампанію ў яго з’явілася даўно, але ён не мог кінуць працу падчас праекту «Нашыя ў Амерыцы», а затым і крызісу з пазбаўленнем домену.

Імя новага галрэда Onliner.by стане вядома ў сакавіку. Па звестках Блішча, калектыву прапануюць прыняць ці адхіліць кандыдатуру.

Сыходзіць з журналістыкі Дзяніс Блішч не плануе. «У мяне ёсць жаданне паспрабаваць новыя падыходы да медыябізнесу, — кажа ён. Я хачу прапанаваць СМІ нешта накшталт абаненцкага абслугоўвання, калі ўмоўна «дарагі» галоўны рэдактар прапануе свае паслугі, але не з'яўляецца штатным супрацоўнікам».

***

Дзяніс Блішч прыйшоў на Onliner.by у кастрычніку 2008 года, стаў галоўным рэдактарам летам 2009 года. Пры ім сайт трапіў у дзясятку самых наведвальных сайтаў Беларусі, стаў адным з самых папулярных анлайн-СМІ. Вядзе ўласны блог.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?