Ва ўступным слове «Да чытача» заслужаны дзеяч культуры Рэспублiкi Беларусь, лаўрэат прэмii «За духоўнае адраджэнне» Павел Якубовiч заўважае:
«Перад вамi ўнiкальная кнiга, якая дазволiць вам здзейснiць падарожжа ў часе. Пагартайце старонкi яе i вы ўбачыце сiвыя замкi i мураваныя храмы, вузенькiя вулiцы i вытаптаныя сцяжынкi, запыленыя гарады i жывапiсныя мястэчкi. Вы наяве ўбачыце людзей, якiх ужо няма, але якiя жылi ў Беларусi i дзякуючы гэтай кнiзе сталi вашымi сучаснiкамi.
Гэтая кнiга iлюстравана вельмi рэдкiмi фатаграфiямi i паштоўкамi, якiя сабраў дзiўны чалавек, Уладзiмiр Лiхадзедаў. Кароткiя каментарыi належаць пяру пiсьменнiка Алеся Карлюкевiча.
Усяго на старонках выдання змешчана 340 паштовак. Поруч з гарадамi Беларусi прадстаўлены выявы невялiкiх паселiшчаў нашай Айчыны — Дамачова, Крывошына, Манькавiч, Моўчадзi, Сталовiч, Хомска, Дзiсны, Друi, Лынтуп, Заспы, пiнскага i акцябрскага Парэччаў…
Напрыканцы ёмiстага фалiянта «У пошуках страчанага» (дарэчы, кнiга тыражом у 3000 экзэмпляраў якасна, бездакорна аддрукавана на Мiнскай фабрыцы каляровага друку) са слоўцам «Павучальнае падарожжа ў часе i прасторы» выступае лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Рэспублiкi Беларусь прафесар Адам Мальдзiс. Вось што ён, у прыватнасцi, пiша:
«Матэрыялы кнiгi, з якiмi вы пазнаёмiлiся, маюць для нашага грамадства, нашай дзяржавы, такой маладой i адначасова такой сталай, з тысячагадовай, багатай, але далёка не да канца спазнанай гiсторыяй, вялiкае павучальна‑пазнаваўчае i выхаваўчае значэнне. Павучальнае — таму што вучаць павазе да продкаў, да гiстарычных традыцый. Пазнаваўчае — таму што дазваляюць нам шырэй глянуць на мiнулае: не ўсё ў iм было такое дрэннае, як нам часам у працэсе самасцвярджэння здаецца; i раней узводзiлiся будынкi, якiя мелi i маюць эстэтычную каштоўнасць. Iншая справа, што войны i наша нядбайнасць прывялi да разбурэння многiх помнiкаў архiтэктуры. А выхаваўчае — таму, што вучаць нас любовi да айчыны, малой i вялiкай».
Да гэтых слоў, вiдаць, хiба што варта дадаць наступнае: праект «У пошуках страчанага» павiнен мець працяг. Калекцыя Уладзiмiра Лiхадзедава налiчвае каля 15 тысяч старых паштовак. I, несумненна, кожная з iх — добры памагаты ў вандроўках па краiне Беларусь.