Пацыенты Рэспубліканскай тубэркулёзнай бальніцы ў Наваельні (Дзятлаўскі раён, Гарадзеншчына) прыпынілі галадоўку. Як паведаміў адзін з удзельнікаў галадоўкі Сяргей Воранаў, іх акцыя прыпыненая па аб’ектыўных прычынах:

«Мы ня можам доўга галадаць, бо ня зможам прымаць лекі. У сваю чаргу адмова ад лекаў ёсьць парушэньнем лекавага працэсу, што можа пацягнуць за сабой перавод на прымусовае лячэньне ў бальніцу зачыненага тыпу».

Па яго словах, на вячэру ўчора выйшлі каля 20 чалавек — пацыенты з найбольш складанай формай захворваньня, а таксама жанчыны. С. Воранаў дзеліцца ўражаньнямі ад ўчорашняга:

«Гэта была стыхійная акцыя, да якой мы не рыхтаваліся. Людзі трымаліся і трымаюцца добра, найбольш актыўныя заклікалі працягваць галадаць, але тут патрэбная салідарнасьць, бо як гэта — нехта будзе хадзіць у сталоўку, а нехта сядзець галодны ў палаце».

Тым не менш, паводле словаў хворых, іхнія патрабаваньні, ня гледзячы на абяцаньні галоўурача Мечыслава Доўгаля, ня выкананыя — гарачай вады па‑ранейшаму няма, у палатах халодна і сыра, як і ўчора.

«Дзіўна, няўжо гэта так складана зрабіць за суткі» — дзівіцца сп. Воранаў.

Ён кажа, што акцыя пратэсту ня спыненая, пакуль што людзі абмяркоўваюць наступныя свае дзеяньні.

Нагадаем, што ўчора ў Рэспубліканскай тубэркулёзнай бальніцы каля 150 чалавек хворых на сухоты ня выйшлі на сьняданак. Яны патрабавалі паляпшэньня ўмоваў лячэньня. Галоўны ўрач Вячаслаў Доўгаль назваў іх патрабаваньні неабгрунтаванымі. В. Доўгаль лічыць, што прычынай галадоўкі стала забарона вольнага выхаду хворых за тэрыторыю бальніцы. Па яго словах, на тэрыторыі РТБ ёсьць усё неабходнае, хворыя сьцьвярджаюць адваротнае — кажуць пра адсутнасьць самых неабходных сродкаў гігіены, лекаў, якаснага харчу, наракаюць на кепскія ўмовы ўтрыманьня.

Глядзі яшчэ:
Пацыенты Рэспубліканскай тубэркулёзнай бальніцы «Наваельня» абвесьцілі галадоўку

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?