Каталіцкія Біскупы Беларусі на пазачарговым пленарным пасяджэнні 30 студзеня абмеркавалі агучаныя ў апошні час абвінавачванні ў адрас польскіх святароў, якія служаць у Беларусі, а таксама ў незацікаўленасці кіраўніцтва Каталіцкага Касцёла ў падрыхтоўцы сваіх святароў.

«Мы, як і вернікі-католікі, з глыбокай заклапочанасцю ўспрымаем гэтыя абвінавачванні, якія лічым неабгрунтаванай абразай Каталіцкага Касцёла і распальваннем міжнацыянальнай і міжканфесійнай варожасці», — адзначаюць біскупы, паведамляе catholic.by.

Біскупы падкрэсліваюць, што з 1989 года колькасць мясцовых ураджэнцаў сярод каталіцкіх святароў Беларусі вырасла ў шэсць разоў з 60-і да 360-і. «Няўжо гэта не паказчык таго, што наш Касцёл прыкладае шмат намаганняў у вобласці падрыхтоўкі мясцовых святароў? Праблема ў тым, што ў савецкія часы ў Беларусі з-за адсутнасці семінарыі не было магчымасці падрыхтоўкі новых святароў. Дзякуй Богу, сёння гэта магчыма, але пры гэтым трэба памятаць і пра тое, што святарства — гэта не прафесія, а пакліканне, і ніякай сілай нікога нельга паслаць у семінарыю», — заяўляюць біскупы.

Яны адзначаюць, што святары з замежжа займаюцца пастырскай дзейнасцю сярод грамадзян Беларусі, дабрачыннасцю, будуюць і аднаўляюць святыні, якія яны з сабою не забяруць, але пакінуць тут. «Без іх дапамогі шматлікія вернікі застануцца без пастырскай апекі», — гаворыцца ў заяве.

Пры гэтым біскупы нагадваюць, што запрашаюць святароў і з іншых краін, але некаторыя з іх не атрымалі дазволу на служэнне.

Беларускія біскупы таксама звярнуліся да Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі з просьбай прадставіць канкрэтныя факты па выказаных абвінавачваннях і з прапановай у будучыні прадметна абмяркоўваць падобныя праблемы непасрэдна з ККББ.

«Нягледзячы на існуючыя цяжкасці, мы выказваем надзею на працяг канструктыўнага, у духу дыялогу, развіцця адносін Каталіцкага Касцёла з дзяржавай і грамадствам, з іншымі веравызнаннямі, найперш з Беларускай Праваслаўнай Царквой, на карысць нашага народа, яго маральнага выхавання, кансалідацыі грамадства і развіцця міжканфесійнага і міжнацыянальнага супакою», — заяўляюць іерархі.

Леанід Гуляка 22 студзеня заявіў, што некаторыя ксяндзы з Польшчы спрабуюць займацца ў Беларусі палітыкай, а кіраўніцтва Рымска-каталіцкай царквы не зацікаўлена ў падрыхтоўцы сваіх кадраў.

Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі 29 студзеня заявіў, што не вельмі задаволены службай некаторых польскіх святароў.

Беларускія каталікі, абураныя заявамі Леаніда Гулякі, пачалі збор подпісаў пад адкрытым лістом да кіраўніцтва краіны аб тым, што крытыка без фактаў з боку высокапастаўленага чыноўніка абражае вернікаў, іх пастыраў і іх рэлігійныя пачуцці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0