Том Брэдзі — квотарбэк New England Patriots з Бостану.

Том Брэдзі — квотарбэк New England Patriots з Бостану.

Ёсьць у мяне адна страсьць, хобі, настолькі рэдкае для Беларусі, што я нават ні з кім асабліва і не дзялюся. Гэта амэрыканскі футбол.

Нашы людзі шчыра не разумеюць амэрыканскі футбол — кажуць, там надта шмат паўзаў, перапынкаў, што гульцы толькі і робяць, што праводзяць нарады. Ну так, сярод саміх амэрыканцаў ёсьць жарт, што гэты спорт спалучае самае горшае, што ёсьць у амэрыканскай культуры — жорсткасьць і карпаратыўныя нарады:). Але для мяне гэта самы яркі, захапляльны і мужны від спорту. Ня ведаю, што можа быць лепш, чым калі квотарбэк кідае мяч мэтраў на 30, а рэсівэр ловіць яго ў нейкім фантастычным палёце.

Квотарбэк у амэрыканскіх футболе — гэта, бадай, самая адказная і цяжкая пазыцыя сярод усіх калектыўных відаў спорту. Ніякая зорка футболу, хакею альбо баскетболу ня значыць для гульні сваёй каманды столькі, колькі квотарбэк (разыгрываючы) у амэрыканскім футболе. Можаце сабе ўявіць, добрыя квотарбэкі кідаюць запар сотні перадач без страты (перахопу). Уся каманда суперніка імкнецца перахапіць ягоны пас, але добры разыгрываючы за матч можа кінуць 40—50 пасоў, і ніводзін зь іх ня трапіць у рукі апанэнтаў.

Учора прайшоў Супербоўл — фінал чэмпіянату па амэрыканскім футболе. Звыш ста мільёнаў тэлегледачоў толькі ў ЗША. Самы дарагі рэклямны час цягам усяго году — менавіта падчас трансьляцыі Супербоўла. Рэклямадаўцы адмыслова на гэты дзень рыхтуюць свае найлепшыя ролікі, а потым мільёны людзей глядзяць іх на ЮТубе і выбіраюць, які быў лепшым. Білеты на матч каштуюць па 8 тысяч даляраў. І толькі ў Беларусі нікога гэты матч не хвалюе:).

Пару гадоў таму я прыйшоў у адзін наш менскі начны спартовы клюб глядзець Супербоўл. Я званіў ім загадзя і хваляваўся, ці будуць месцы. Аказалася, што на ўвесь Менск там сабралася ажно тры аматары гэтага дзіўнага для беларусаў віду спорту — былыя студэнты, што вучыліся ў ЗША. Таму ўчора я глядзеў фінал дома, праз інтэрнэт — прапусьціць такую падзею немагчыма. Тым больш што гуляюць мае любімыя New England Patriots з Бостану. Лідэр каманды, 37-гадовы квотарбэк Том Брэдзі, замацаваў сваё месца ў гісторыі найлепшы гулец.

Гэта быў проста неймаверны матч! Магчыма, адзін з найлепшых фіналаў у гісторыі! Патрыётс прайгравалі 10 ачкоў, забілі два тачдаўны, але ў Сіэтла заставалася 2 хвіліны. І тыя злавілі фантастычны пас з двума адскокамі — самы неверагодны кэтч у гісторыі фіналаў. Ім заставалася прайсьці 3 мэтры, і тут — першая страта за ўвесь матч, проста малады квотэрбэк Сіэтла вырашыў хутчэй закончыць гульню і згуляў неасьцярожна! Нью-Інгланд перахапіў пас — канец гульні. Мінулы фінал скончыўся з лікам 43-8. А тут 28-24, і ўсё вырашылася на апошніх сэкундах!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?