У аўторак Рада бяспекі прыняла палітычнае рашэнне: Беларуская АЭС будзе збудаваная. Пакуль няясна, кім. Калі выбар будзе зроблены не на карысць Расеі, нашу краіну чакае таксама палітычны і эканамічны паварот. Аляксандар Лукашэнка: «Сёньняшняе рашэнне мае гістарычны характар». Ківок у бок Захаду: «Павінен быць выбраны варыянт з найменшымі звязанымі з гэтым рызыкамі. Ківок на Ўсход: «Пытанне паставак ядзернага паліва вострае, попыт на ўранавую сыравіну блізкі да ажыятажнага».

У Беларусі пры будаўніцтве АЭС павінен быць выбраны варыянт з найменшымі звязанымі з гэтым рызыкамі. Аб гэтым заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Рады бяспекі Беларусі па пытанні развіцця атамнай энергетыкі ў краіне.

«Наша задача — выйсці на адзіна правільны варыянт, пры якім Беларусі ўдасца звесці да мінімуму звязаныя з гэтым рызыкі, каб у поўнай меры выкарыстаць усе перавагі ўласнай АЭС», - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Сёння ўвесь свет зарыентаваны на будаўніцтва АЭС у сувязі з ўсплёскам цэн на вуглевадародную сыравіну. Вакол Беларусі плануецца пабудаваць вялікую колькасць атамных рэактараў. «Мы пачынаем, паглядаючы з-за вугла, разважаць аб неабходнасці будаўніцтва АЭС. Увесь свет вызначыўся, а мы разважаем. А пасля будзем узмоцнена даганяць. Але ж гэта будзе каштаваць у два разы даражэй», — агітаваў А. Лукашэнка напярэдадні пасяджэньня.

«Настаў момант, калі нам неабходна яшчэ раз прааналізаваць усе за і супраць, усе аспекты і прыняць прынцыповае палітычнае рашэнне», — сказаў ён. Паводле яго слоў, гэта рашэнне мае гістарычны характар, паколькі ад яго залежыць эканамічная, энергетычная і палітычная незалежнасць будучых пакаленняў беларусаў.

«Сёння мы закладваем аснову функцыянавання беларускай дзяржавы ва ўмовах, калі на Зямлі абвастраецца глабальная праблема вычарпання запасаў вуглевадароднай сыравіны. Я думаю, будучыя пакаленні ацэняць наша рашэнне», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў, што Беларусь пачынае будаўніцтва сваёй АЭС, развіццё свайго ядзернага праекта на фоне складаных і супярэчлівых тэндэнцый на сусветным атамным энергетычным рынку. «У сувязі з тым, што ўсе кінуліся на будаўніцтва такіх рэактараў, а таксама дэфіцыт і высокая цана вуглевадароднай сыравіны робяць праекты па развіццю ўласнай атамнай энергетыкі вельмі прывабнымі, але гэта прыводзіць да ўсплёску цаны на ядзернае паліва», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Пытанне паставак ядзернага паліва сёння вострае, і яго трэба прапрацоўваць, паколькі попыт на уранавую сыравіну ў свеце блізкі да ажыятажнага, дадаў ён.

Дык Расея ці Францыя? А можа Японія? Гэты выбар робіцца сёньня на паседжаньні Рады бясьпекі, прысьвечаным будаўніцтву Беларускай АЭС. Калі выбар будзе зроблены не на карысьць Расеі, краіну чакае таксама палітычны і эканамічны паварот.

Тым часам арабскія краіны таксама масава распачынаюць праекты асваеньня мірнага атаму. Адпаведныя дамовы Парыж падпісаў з Альжырам і Лівіяй. На чарзе Марока, Катар і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. У сталіцу ААЭ прэзыдэнт Сарказі прыбыў якраз сёньня. Два 1,6-мэгаватныя рэактары пад ключ з пастаўкамі паліва ўключна абыдуцца Абу-Дабі ў 8,87 мільярда даляраў (6 млрд эўра). Перамовы распачаліся таксама з Эгіптам, Ярданіяй і Тунісам.

Адказу на тое, хто стане падрадчыкам Беларускай АЭС, пакуль няма. Па выніках паседжаньня было абвешчана толькі, што Беларусь хоча абзавесьціся рэактарам трэцяга пакаленьня, аналягічным тым, якія будуюцца цяпер у Фінляндыі, Баўгарыі, Японіі, Кітаі, Іране, Індыі і Францыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?