«Мы ва ўнікальным месцы і часе: сваімі ўласнымі сіламі, хоць у адзіночку можна распаўсюдзіць ідэю на ўвесь свет і зарабляць на ёй»,

— мяркуе Юрый Мельнічак.

Яго ідэяй была мабільная праграма Maps.me (раней Maps With Me), што дае магчымасць карыстацца картамі адкрытага праекту Open Street Maps, у тым ліку у адсутнасць інтэрнэту. У канцы 2014 года праект набыў расійскі інтэрнэт-гігант Mail.ru, сума угоды ацэньваецца ў 30 млн даляраў.

Як стварыць паспяховы ІТ-стартап у Беларусі? «Знайсці добрую ідэю і рэалізаваць яе, вось і ўсё», — проста адказвае на пытанне Мельнічак. Ён лічыць, што асаблівых хітрыкаў у яго бізнесе няма, а калі і ёсць, то ўсе яны апісаныя ў кнізе сузаснавальніка PayPal Пітара Ціля «Zero to one».

Мельнічак прыгадвае, што па заканчэнні Ліцэя БДУ ён ужо распрацаваў сваю першую праграму (яна стварала красворды для газет), затым 7 год працаваў у кампаніі, што была звязаная з картаграфіяй, а пасля перайшоў у Google і там займаўся картамі. Але адна справа — працаваць на кагосьці і атрымліваць з таго толькі карысны досвед, а іншая — рабіць свой прадукт, ствараць сваю аўдыторыю.

Паводле яго слоў, у Беларусі свая спецыфіка IT-бізнесу: тут практычна няма ўнутранага рынку (ды і ў краіне мала людзей), таму многія працуюць адразу на глабальны рынак.

Калі рабіць у Беларусі нешта з прыцэлам на поспех, трэба адразу рабіць гэта не на лакальны рынак.

Таму і была абраная тэматыка карт — прадукту нішавай патрэбы, але запатрабаванага па ўсім свеце. «Такі праект не залежыць ад палітычнай сітуацыі, ад эканомікі», — тлумачыў ён. Да таго ж, варта прыходзіць на рынак, калі ён толькі пачынае развівацца, калі на ім няма канкурэнцыі — як раз такім быў рынак мабільных праграм у 2011 годзе, калі выйшла першая версія Maps.me. Беларусь ён бачыць зручнай для ІТ-бізнесу — нізкія падаткі, добрыя ўмовы працы на экспарт, нізкі кошт жыцця ў параўнанні з Еўропай.

Да таго ж, у Беларусі былі добра напоўненыя карты Open Street Maps — старт адбыўся з выгаднай пазіцыі. Праўда, на той жа пазіцыі былі яшчэ некалькі праграм, распрацаваныя таксама беларусамі. Картаграфічныя праграмы — не вельмі канкурэнтнае асяроддзе, чалавек можа паставіць некалькі праграм і параўноўваць іх якасць. Ды і ў той час, калі смартфоны толькі пачыналі станавіцца масавымі, у карыстальнікаў было больш энтузіязму да пошуку лепшага софта.

Праект рабіўся на ўласныя назапашванні сузаснавальнікаў. Для стварэння Maps.me Мельнічак прадаў кватэру ў Мінску.

Ён прыгадвае, што праект распрацоўваўся доўга — і што вельмі ўдзячны чалавеку, які пераканаў іх пахутчэй выпусціць праграму, хай і «сырую». Карыстальнікі-энтузіясты самі падказалі, што выправіць і што дадаць. Даходзіла да таго, што па пажаданнях карыстальнікаў распрацоўшчыкі зменшылі памер віртуальнай стрэлкі, што паказвае лакацыю чалавека.

Калі ствараць стартап сёння, трэба глядзець, што праз 5 год будзе так жа папулярна, як iPhone, рэкамендуе Мельнічак.

Такімі сферамі ён бачыць разумныя гадзіннікі, дронаў робатаў, аналіз Big data і звестак карыстальніка пра самога сябе. У іх выпадку перспектыўнай здалася сфера мабільных карт, а ніша такіх карт, якія працавалі бы без інтэрнэту, была практычна вакантнай.

«Важна ісці не туды, дзе зараз мяч, а туды, дзе ён будзе праз 5 год»,

— кажа ён.

Паводле яго назіранняў, рынак платных праграм памірае: у топ-15 праграм для iOS па выручцы толькі адна платная — найбольш зарабляюць якраз бясплатныя. «Людзям цяжка плаціць за нематэрыяльнае. Плоціш за тое, чаго не бачыш», — кажа ён пра продаж праграм.

Сёння добра можна зарабіць на рэкламе, калі яе ўставіць арганічна. Напрыклад, на картах найлепшы эфект будзе мець магчымасць забраніраваць месца ў гатэлі, на які глядзіць карыстальнік, ці замовіць таксі да месцазнаходжання карыстальніка.

І не забываць, што лепей спрацуе праграма ў правільна абраным сегменце, у якім яна будзе найлепшай.

«Галоўнае — не думаць, як зарабіць, а думаць, як атрымаць болей карыстальнікаў»,

— раіць Мельнічак.

Але думаць, як плаціць зарплату наёмным супрацоўнікам, калі-небудзь прыйдзецца. Заснавальнікі Maps.me пачалі думаць аб продажы кампаніі, калі зразумелі — іх мадэль з бясплатнай базавай і платнай прасунутай версіямі пакуль прыносіць прыбытак, але блізіцца яе захад. А найлепшым для карыстальніка можа быць толькі бясплатны прадукт, упэўненыя яны. Да таго ж, Мельнічак лічыць, што стартап — гэта ў любым выпадку часовая арганізацыя для таго, каб знайсці ідэю для бізнесу.

Google і Яндэкс, што ўжо мелі свае картаграфічныя сэрвісы — стваральнікі Maps.me іх не разглядалі, бо «не хацелася прадаваць кампанію пад забой».

Але патрэбная была глабальная кампанія, якая да таго ж не закрывала адкрытыя звесткі Maps.me. Быць цалкам аўтаномным праектам у сваім складзе прапанавалі расіяне Mail.ru, якія якраз маюць глабальны планы з сервісам My.com.

Такую прапанову ў Maps.me палічылі аптымальнай. І лічаць, што не прагандляваліся незалежна ад цаны: мэтай продажу было паскарэнне развіцця, павелічэнне базы карыстальнікаў. Да таго ж, праца ў якасці падраздзялення Mail.ru дала магчымасць зрабіць праграму цалкам бясплатнай.

Пакідаць праект адразу па продажы і ствараць новы праект Мельнічак пакуль не плануе, бо «на гэтым яшчэ планы зрэалізаваныя адсоткаў на 30».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?