Украіна кампэнсуе савецкія банкаўскія ўклады. Эканамісты хваляць Юлію Цімашэнку, хоць і непакояцца магчымага росту інфляцыі і бюджэтнага дэфіцыту.

Украінскі прарыў

Ад 11 студзеня Ўкраіна з ініцыятывы новага прэм’ер-міністра Юліі Цімашэнкі распачала кампэнсацыю савецкіх банкаўскіх унёскаў. Кампэнсацыі падлягаюць грашовыя зьберажэньні, што былі зробленыя да 2 студзеня 1992 г. у Ашчадбанк СССР і абясцэніліся, яго сэртыфікаты, аблігацыі дзяржаўнага займу 1990 г. і дзяржаўныя казначэйскія абавязацельствы. Памер кампэнсацыі складае 1050 грыўняў (каля 200 даляраў) за 1000 савецкіх рублёў. Нашчадкі ўкладчыка атрымаюць удвая менш. Выплаты расьцягнуцца на год. Да таго Ўкраіна, пачынаючы з 1991 г. выплаціла каля 5% ад агульнай сумы савецкіх унёскаў і зьберажэньняў.

Палітычныя супернікі Юліі Цімашэнкі называюць выплату кампэнсацый фарсам. Прарасейскія СМІ Ўкраіны, а да іх далучаюцца расейскія і афіцыйныя беларускія, штораз паведамляюць пра велізарныя чэргі, што не зьнікаюць каля банкаў, пра бойкі між жадаючымі найхутчэй атрымаць свае «мізэрныя» грошы, і нават пра сьмерці ў гэтых самых чэргах.

Ініцыятары кампэнсацыі ў сваю чаргу лічаць, што такім чынам яны выконваюць свае перадвыбарчыя абавязкі, а сваім суседзям па былой імпэрыі дэманструюць добры прыклад.

Літва разьлічылася

З былых краінаў СССР толькі ў Літве вырашылі праблему кампэнсацыі. У Літве на гэта выдаткавалі каля 80% прыбыткаў ад прыватызацыі ў краіне. Аднак максымальная сума кампэнсацыи тут склала $2000.

У Казахстане ж зь ягоным аўтарытарным рэжымам грамадзянам выдалі толькі аблігацыі з разьліку $100 за кожныя... 15 000 савецкіх рублёў. Пэнсіянэрам тыя аблігацыі абяцаюць пагасіць праз 5—10 год, працаздольнаму насельніцтву — праз 15—20 гадоў.

У Расеі кампэнсацыі выплачваюць асобным катэгорыям грамадзянаў: інвалідам, пэнсіянэрам. Выплаты гэтыя частковыя, іх аб’ём штогод зацьвярджаецца ўрадам. На сёньня расейскім укладальнікам выплачана менш за 1,5 % запазычанасьці.

У Малдове працэс выплаты зьберажэньняў распачаўся ў 2003 г. і працягнецца бліжэйшыя 15-20 год.

У Азэрбайджане плянуецца цалкам выплаціць сумы ў эквіваленце да 2000 савецкіх рублёў, большыя сумы кампэнсуюць часткова. Адпаведны законапраект задзейнічалі ў 2006 г., канчаткова ўлады гэтай краіны плянуюць за 8 год.

У Кыргызстане, дзе вырашыць праблему плянавалі да 2009 г., выплачана пакуль 6 % ад агульнай сумы.

А што ў нас?

Першыя спробы вырашыць праблему былі зробленыя Саветам міністраў ужо незалежнай Беларусі – у красавіку 1992 г. паводле пастановы №167 «Аб індэксацыі зьберажэньняў насельніцтва» рэшту ўнёскаў на 1.01.1992 г. (да 10000 рублёў) павялічылі на 19,3 %. Адначасова з дэнамінацыяй грошай у 1994 і 1999 гг. праводзілася й дэнамінацыя ўнёскаў. У 1996 г. указам прэзыдэнта рэшта ўнёскаў ветэранаў па стане на 1 студзеня 1992 г. былі павялічаныя ў 1000 разоў.

Сума кампэнсацый, што належаць беларусам, сягае да $2,5 млрд. Паводле дадзеных Нацыянальнага банку, памер выплатаў за апошнія дзесяць год скараціўся ў 50 разоў: калі ў 1998 г. за 10000 савецкіх рублёў можна было атрымаць да $500, то ў мінулым годзе ўсяго 10. Гэта значыць, 0,1 цэнта, або 0,001 даляра, за рубель.

На дадзены момант пытаньне застаецца нявырашаным, а апошняе слова будзе за ўрадам, які мусіць выбраць аптымальны варыянт кампэнсацый і іх памер. На бягучы год выдаткі на выплаты ў бюджэце не адлюстраваны.

Палітыка і эканоміка

Украіна сапраўды пакуль аказалася самаю справядліваю з краінаў СНД. Усё ж 0,2 даляра за цяжкай працай зароблены і ашчаджаны рубель гэта лепш чым 0,001. Застаецца даказаць, што такая выплата не прывядзе да росту інфляцыі і бюжэтнага дэфіцыту. Цімашэнка завярае, што не, і абяцае знайсьці дадатковыя бюджэтныя сродкі за кошт рэпрыватызацыі актываў, «прыхватызаваных» пры папярэднім урадзе. Яна падкрэсьлівае, што сыстэма кампэнсацыі разьлічаная такім чынам, каб стымуляваць попыт на тавары нацыянальных вытворцаў. Аднак галоўнае — пытаньне справядлівасьці, кажа лідэрка «Дэмакратычнае кааліцыі».

Імаверна, такая пасьпешлівасьць у кампэнсацыі ўнёскаў тлумачыцца жаданьнем Цімашэнкі набыць палітычны капітал на выпадак, калі прэзыдэнт Юшчанка зноў, як у 2005 годзе, вырашыць пазбыцца занадта энэргічнай саюзьніцы на карысьць панурага Януковіча.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0