Бізнес-саюзы прапаноўваюць новаму ўраду абмежаваць умяшанне дзяржавы ў дзейнасць суб'ектаў гаспадарання прыватнай формы ўласнасці. Ліст з прапановамі ў праект праграмы дзейнасці ўрада падпісалі і накіравалі ў Міністэрства эканомікі кіраўнікі пяці прадпрымальніцкіх саюзаў.

У лісце, у прыватнасці, прапаноўваецца абмежаваць дзяржаўнае ўмяшанне ў дзейнасць прыватнага бізнесу шляхам адмовы ад патрабаванняў па ўзроўні заработнай платы (за выключэннем кантролю мінімальнага ўзроўню аплаты працы).

Акрамя таго, лічаць прадстаўнікі бізнес-аб'яднанняў, трэба адмовіцца ад давядзення прагнозных паказчыкаў, жорсткага рэгулявання ўзроўню цэн на прадукцыю. «Любое рэгуляванне цэнаўтварэння павінна забяспечваць суб'екту гаспадарання рэнтабельнасць не менш чым 10%», — гаворыцца ў лісце.

«У мэтах аднаўлення даверу бізнесу да ўлады» трэба праводзіць «абавязковае публічнае абмеркаванне праблем сацыяльна-эканамічнага развіцця і нарматыўных прававых актаў, якія тычацца вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці».

Таксама бізнес-супольнасць Беларусі просіць урад краіны адмяніць мараторый на рост цэн. 

На думку бізнес-асацыяцый, у сённяшняй эканамічнай сітуацыі абмежаванні на павышэнне цэн нават з улікам устаноўленых выключэнняў пацягнуць самыя сур'ёзныя негатыўныя наступствы для суб'ектаў гаспадарання, эканомікі краіны ў цэлым і для яе спажывецкага рынку. Прадстаўнікі бізнесу называюць некалькі прычын.

Па-першае, адзначаюць яны, эканоміка краіны цесна ўзаемазвязана з эканомікай Расійскай Федэрацыі, адсутнічаюць мытныя пункты на мяжы.

«Аналіз сітуацыі паказвае, што штучнае стрымліванне цэн на ўнутраным рынку ўжо прывяло да значнага перакосу цэн на многія прадукты харчавання, у прыватнасці ў Расійскай Федэрацыі яны значна даражэйшыя. Як вынік, у краіне імкліва скарачаецца рынак традыцыйных для беларусаў прадуктаў харчавання. Напрыклад, ужо адчуваецца востры недахоп у гандлі капусты белакачаннай, іншай агародніны і фруктаў беларускай вытворчасці. Аптымальным для нашай краіны з'яўляецца падтрыманне цэн на спажывецкім рынку прыкладна на ўзроўні РФ або нязначна ніжэй», — адзначаюць прадстаўнікі бізнесу. 

Па-другое, гаворыцца ў лісце, пры стрымліванні цэн на імпартныя тавары расце спажывецкі попыт на іх, айчынныя вытворцы пазбаўляюцца магчымасці актывізаваць імпартазамяшчэнне, расце адмоўнае сальда знешняга гандлю. 

Як паказваюць апытанні прадпрымальнікаў, адзначаюць прадстаўнікі бізнес-асацыяцый, значная колькасць імпарцёраў у цяперашняй абстаноўцы прыняла рашэнне прыпыніць сваю дзейнасць, што ўжо ў найбліжэйшыя тыдні можа прывесці да абвастрэння сітуацыі як на спажывецкім рынку, так і ў сферы вытворчасці. «Да асабліва негатыўных наступстваў прывядзе спыненне паставак важных для грамадзян медыкаментаў», — мяркуюць падпісанты звароту. 

Па-трэцяе, адзначаюць яны, аналіз дзейнасці вытворчых прадпрыемстваў паказвае, што гранічна дапушчальны планавы ўзровень рэнтабельнасці ў 3%, устаноўлены на тавары айчыннай вытворчасці, яўна недастатковы для забеспячэння бясстратнай працы прадпрыемстваў, бо не пакрывае іх затраты, у тым ліку якія ажыццяўляюцца з прыбытку. 

«Заведама стратная дзейнасць большай часткі сбу'ектаў гаспадарання пры адсутнасці даступных крэдытаў здольная прывесці да лавінападобнага росту неплацяжоў і, як вынік, да фінансавага крызісу ў краіне; да зніжэння заработных плат супрацоўнікаў, якія працуюць як у вытворчасці, так і ў сферы паслуг; да скарачэння асартыменту тавараў на паліцах, з'яўлення дэфіцыту, з'яўлення неабходнасці набываць тавары ў прадстаўнікоў ценявога сектара эканомікі, неабходнасці выезду за мяжу па пакупкі», — адзначаецца ў лісце. 

З улікам выкладзенага бізнес-саюзы лічаць «вельмі небяспечнай і шкоднай для эканомікі краіны і для спажывецкага рынку палітыку абмежавання свабоднага цэнаўтварэння і прапаноўваюць адмяніць мараторый на рост не пазней за 15 лютага 2015 года». 

Нагадаем, бестэрміновы мараторый на рост цэн быў устаноўлены пастановай урада № 1207 ад 19 снежня 2014 года. У той жа дзень у краіне рэзка падаражэла валюта. З-за гэтага імпартныя пастаўкі ў Беларусь сталі стратнымі, што прывяло да дэфіцыту некаторых тавараў. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?