Як паведаміла 3 лютага на прэс-канферэнцыі дырэктарка дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Наталля Грынцэвіч, ініцыятыва скіраваная на прыцягненне жыхароў краіны «да бяспечнага і экалагічна правільнага абыходжання з адходамі».

target99.by

target99.by

«Мне хацелася б, каб насельніцтва сартавала адходы і каб гэта было проста, хацелася б, каб для ўсіх нас гэта стала натуральна», — сказала спецыялістка. 

Паводле яе слоў, назва руху «Мэта 99» азначае, што краіна імкнецца да выкарыстання 99% камунальных адходаў. «Мы разумеем, што ставіць задачу ў 100% не заўсёды рэальна, таму рух завецца «Мэта 99» — гэта тая мэта, да якой мы хочам ісці. Кожны з нас зацікаўлены ў тым, каб зрабіць краіну лепшай, чысцейшай, каб пакінуць яе сваім дзецям, унукам у такім выглядзе, у якім мы яе бачылі», — падкрэсліла Грынцэвіч. 

Штогод у Беларусі ўтвараецца каля 4 млн. тон цвёрдых камунальных адходаў, з іх 3 млн. тон — адходы спажывання ад насельніцтва. Паасобны збор адходаў практыкуецца ў Беларусі ўжо больш за 10 гадоў, але, паводле слоў Грынцэвіч, актыўнасць грамадзян у гэтым працэсе яшчэ недастатковая. «Рэсурсаў таксама не хапае, таму што мы ўсе разумеем, што ахапіць адразу ўсю краіну і расставіць у адзін дзень кантэйнеры немагчыма. У нас робяцца захады ў гэтым кірунку, але неабходны ўдзел у першую чаргу грамадзян», — сказала яна. 

Паводле даных аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў, летась у Беларусі было ліквідавана 551,8 тыс. тон другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР), ці 14% ад усяго аб'ёму цвёрдых камунальных адходаў: 329,4 тыс. тон адходаў паперы і кардону, 122,9 тыс. тон адходаў шкла, 47,9 тыс. тон палімерных адходаў, 39,6 тыс. тон зношаных шын, каля 2,3 тыс. тон адходаў электроннага і электрычнага абсталявання. Для параўнання: у краінах ЕС у сярэднім выкарыстоўваецца каля 40% адходаў, у Германіі — больш за 60%. 

Як адзначыў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Анатоль Шагун, аб'ём збору асноўных відаў ДМР у Беларусі вырас амаль у два разы ў параўнанні з 2009 годам, калі было ліквідавана прыкладна 280 тыс. тон ДМР. «Сістэма для паасобнага збору адходаў сёння галоўным чынам сфарміравана. Яна будзе, вядома, далей развівацца — чым больш будзем паасобна збіраць, тым больш будзем развіваць. Таму вось гэтай ужо сфарміраванай сістэме трэба больш актыўны ўдзел чалавека», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?