Дзень не можа закончыцца. Той, хто яго зацеяў
Не закрывае батлейку і патрабуе падзеяў:
Першая, другая. Разбіты ртутны градуснік на вуліцы Гая.
Тупат, грукат. Тоўсты хлопчык ляжыць, не міргае

У прыадчыненай фортцы гіпнатычная белая бляха,
Фіранкі неспакойныя і падобныя да млечнага шляха.
Пад пахаю горача. Ртуць бяжыць на матрац.
Хочацца выйсці на вуліцу. Але не ў гэты раз.

Дзень не можа закончыцца. Ахвяры патрэбныя веры.
Чалавек дыхае і яшчэ не дамерз у Кіеўскім скверы,
Але човен ля берага і стаіць у цёмных водах.
Вызваляй месца новаму, ён пры родах. Спыні подых.

Дзень не можа закончыцца: за рынкам блышыным
Апошняя шлюха яшчэ не села ў машыну.
Да самага канца яе не пакіне ў спакоі
Той, хто зацеяў яе, той, хто задумаў яе такою.

Таму давай заканчваць. Ахвяры патрэбныя веры.
Мы хочам спаць. Сядай, шлюха, і зачыняй дзверы.
Дзень не можа закончыцца, бо той, хто ў нябёснай сіні
Лічыць што ён валадарыць усім і намі ўсімі,

І прагне каб мы заспелі дождж ягоны, вір і смугу.
Таму дзень не можа закончыцца.
Але я магу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0