У Беларусі чарговы раз абралі найлепшыя мабільныя мастацкія відэа. Smartfilm-2014 працаваў у фармаце трэйлераў — удзельнікам прапаноўвалася зняць не поўнаметражную стужку, а яе відэаанонс.

Мабільныя відэа ацэньвалі прафесіяналы вялікага экрана: кінааналітык Максім Жбанкоў, рэжысёр і прадзюсар Канстанцін Фам, кінакрытык Ігар Сукманаў і менеджар музычных праектаў Максім Старцаў. Адбор быў настолькі суворым, што ў жанрах трылеру і дэтэктыву прыз не дастаўся нікому.

Гран-пры Smartfilm-2014 узяў трэйлер «Ціхая песня» Вольгі Зяновай. Ад кампаніі velcom ён атрымаў прафесійную відэакамеру Blackmagic Cinema Camera.

Іншыя трэйлеры атрымалі ўзнагароды ў жанравых намінацыях. Кожны пераможца атрымаў смартфон з магутнай камерай Nokia Lumia 930.

Найлепшым трэйлерам баевіка быў прызнаны беларускамоўны «Кур’ер» Міхала Пархоменкі.

Узнагароду за найлепшыя спецэфекты атрымаў трэйлер «Залаз» Мікалая Асадчага.

А «Reckoner» Андрэя Ляўковіча — прыз журы «За арыгінальную ідэю».

Яшчэ адно беларускамоўнае відэа, «Крок» Максіма Таранкава, атрымала спецыяльны прыз журы «Подых Бацькаўшчыны».

Асаблівую ўзнагароду атрымала «Легенда пра стары парк» Арцёма Ліцагевіча, якая не падышла фестывалю па фармаце (яе прызналі не трэйлерам, а кароткаметражным фільмам), але была станоўча ацэненая сябрамі журы.

Паглядзець відэа ўсіх пераможцаў на сайце Smartfilm >>>

Міхаіл Пархоменка на цырымоніі ўзнагароджання Smartfilm. Фота: velcom

Міхаіл Пархоменка на цырымоніі ўзнагароджання Smartfilm. Фота: velcom

«Да конкурсу я мабільны тэлефон як відэакамеру зусім не разглядаў, — распавёў «Нашай Ніве» Міхаіл Пархоменка, аўтар «Кур’ера». — Па сутнасці, вырашыў паспрабаваць дзеля забавы. Але калі работу зняў, апрацаваў і адаслаў, пабачыў, што яна значна цікавейшая і багацейшая, чым думаў раней».

Міхаіл мае досвед здымак большай тэхнікай — малады інжынер-праграміст у якасці хобі кіруе праектам WeGiveYouMO, раней на старонках «Нашай Нівы» з’яўляўся яго матывацыйны беларускамоўны ролік «Я жыву спортам».

«Заўжды было цікава зняць нешта дынамічнае, і ў беларускіх рэаліях мне гэта здалося вельмі незвычайным», — у такім жанры ён бачыў шмат козыраў і не памыліўся. 

Зняць нешта такое па-беларуску для яго даўні «пункцік па беларусізацыі Беларусі».

«Хацеў зрабіць цікавы кантэнт па-беларуску. Часта сутыкаюся з людзьмі, якія, як пачуюць ноткі беларускага, усё ўяўляюць вельмі па-калхознаму, не па-моднаму-маладзёжнаму, — тлумачыць Міхаіл. — Але, як мне здаецца, калі будзе нешта, што будзе само па сабе цікавым незалежна ад мовы, але ў беларускай абгортцы, то меркаванне пра беларускую мову пачне змяняцца».

«Калі будзе цікавы кантэнт па-беларуску, хочаш ці не, а прыйдзецца глядзець. Так мо людзі і не стануць больш размаўляць па-беларуску, але стануць часцей мову чуць», — мяркуе Міхаіл.

Міхаіл звязаўся з іншымі ўдзельнікамі і намінантамі Smartfilm — магчыма, з імі ён здыме крымінальны камедыйны баявік на «дарослай» апаратуры і вялікіх экранаў. «Будзе ўжо ў беларускіх рэаліях, з дэвальвацыяй і трактарамі», — смяецца ён.

Відэа на тэлефоне ён усё яшчэ ўспрымае як забаву. Наўрад ці оптыка, якую можна ўціснуць у тэлефон, стане параўнальнай з оптыкай вялікіх камер. «Электроннае начыненне — так, але фотаздымач складаецца з яшчэ многіх элементаў, якія цяжка сціснуць. Лічбавыя прафесійныя здымачы за апошнія год дзесяць не асабліва сціснуліся, — тлумачыць Міхаіл. — Гэта як класічная гітара, яе можа і можна зрабіць лепей па гучанні, але меней не зробіш, бо тады яна губляе сваю сутнасць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?