Вінцук Вячорка

Першы намесьнік страшыні Партыі БНФ заявіў, што цяпер міністэрства юстыцыі рыхтуе юрыдычную аснову для ліквідацыі апазыцыйных партый. Вінцук Вячорка паведаміў, што да гэтага часу Аб’яднаная грамадзянская партыя і Партыя БНФ атрымалі папярэджаньні, якія вынес мінюст за ўдзел актывістаў партыпі ў мітынгу 10 студзеня.

«Мы цудоўна разумеем, што рыхтуецца своеасаблівая юрыдычная аснова для ліквідацыі нашых партый. І мы будзем рэагаваць на гэта згуртавана, і як мага больш рашуча. Будзем рыхтаваць новыя акцыі», — заявіў Вінцук Вячорка.

15 студзеня лідэры беларускай апазыцыі сабраліся ў штаб‑кватэры Партыі БНФ, каб выпрацаваць агульную «лінію абароны» супраць атак міністэрства юстыцыі краіны, паведамляюць 16 студзеня «Новые известия».

Удзельнікі паседжаньня мяркуюць, што цяпер мінюст рыхтуецца ліквідаваць апазыцыйную Партыю камуністаў Беларускую, дзейнасьць якой была прыпынена ў жніўні 2007 году.

Паводле слоў старшыні Партыі камуністаў Беларускай, мінюст абвінавачвае яго партыю ў тым, «што эмблема на пасьведчаньнях правей, чым трэба, у тым, што ў нашых лістах у мінюст «палі надта вялікія».

Лідэры апазыцыі прынялі сумесную заяву з нагоды дзеяньняў мінюсту. У ёй гаворыцца, што «кампанія салідарнасьці з ПКБ мусіць стаць сёньня агульнай справай усіх грамадзян і ўсіх грамадзка‑палітычных сіл, якія бароняць ідэалы свабоды, дэмакратыі, законнасьці й сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь».

«Новые Известия» via Telegraf.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0