У Бабруйску на першым пасяджэнні Моладзевага парламента прагучала ініцыятыва ў абарону беларускай мовы. Навучэнка гімназіі № 1 Ангеліна Бялясава прапанавала падвышаць на бал адзнакі тым вучням, якія адказваюць па-беларуску. 

Ангеліна Бялясава, БелаПАН

Ангеліна Бялясава, БелаПАН

Прапанова юнай парламентаркі не знайшла падтрымкі ў прысутных на пасяджэнні чыноўнікаў. У прапанове Ангеліны службоўцы ўгледзелі дыскрымінацыю, спаслаўшыся на тое, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы. Сама ж дзяўчына лічыць, што падтрымліваць беларускую мову і падахвочваць, каб на ёй гаварылі, неабходна. Вучні, кажа яна, пачалі б ахвотней вывучаць беларускую мову і праяўляць ініцыятыву дзеля яе пашырэння. 

«Дзеці пачалі б вучыць беларускую мову, каб атрымліваць вышэйшую адзнаку», — лічыць юная парламентарка. 

Ангеліна заўважае: на пасяджэнні парламента пра беларускую мову згадала толькі яна адна. Лічыць, што цяперашні стан мовы гаротны. Сабе дзяўчына пастанавіла, што зоймецца вырашэннем гэтай праблемы. 

«Не гавораць на беларускай мове і не ўсе ведаюць беларускую мову», — кажа яна. 

«Я ніколі раней не задумвалася пра гэтую праблему. Мабыць, таму, што не расла ў тым асяроддзі, у якім людзі гаварылі па-беларуску. Дый вельмі мала я бачыла людзей, якія гавораць на гэтай мове. Калі ж я пачала адчуваць у сябе патрыятычны дух, то пачала задумвацца аб гэтай праблеме». 

«Без ведання беларускай мовы беларус не можа лічыць сябе патрыётам»,—– упэўнена заяўляе Ангеліна. 

«Гэта вельмі важная частка нашай культуры. Кожны грамадзянін Беларусі павінен любіць беларускую мову — таму што гэта наша родная мова. Кожны, хто лічыць сябе сапраўдным патрыётам сваёй радзімы, павінен ведаць родную мову. Я так лічу». 

Ангеліна не ўтойвае, што не часта даводзіцца ёй гутарыць на беларускай мове. Прызнаецца, што гаварыць па-беларуску складана — не стае практыкі: 

«Я гавару на беларускай мове толькі з тымі, хто блізкі мне, — сямейнікі і найлепшыя сябры. Мы спрабуем развіваць свае веды ў беларускай мове. Я ведаю добра граматыку беларускай мовы, але цяжка гаварыць. Я думаю на расейскай мове, і мне трэба перакласці спачатку, каб гаварыць па-беларуску. І мне цяжка гаварыць. Некаторыя зусім не ведаюць гэтай мовы. Трэба рабіць усё, каб людзі хацелі ведаць яе». 

Маці Ангеліны Любоў Станіславаўна не была супраць гутаркі дачкі з журналістам. Зазначыла, што ўхваляе цягу Ангеліны да беларускасці. Кажа, што ў яе гэта з дзяцінства. 

Ангеліна вучыцца ў фізіка-матэматычным класе, выдатніца. Сёлета на абласной прадметнай алімпіядзе ў Магілёве ўзяла дыплом. Паўдзельнічала ў інтэлектуальным беларускамоўным спаборніцтве «Беларускае пяціборства», якое праводзіць абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы. Кажа, што ўзяла ўдзел, каб вызначыць узровень сваіх ведаў на беларускай мове — не толькі ў матэматычных навуках, але і ў гуманітарных дысцыплінах. 

У Беларусі праекты па стварэнні Моладзевага парламента рэалізуюцца ў межах глабальнай ініцыятывы ЮНІСЕФ «Горад, прыязны да дзяцей». Ствараюцца яны пры гарсаветах. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?