Вясна на дыбачкі ўстае за небакраем,
Ёй так няўсцерп ужо, аж мурашы па скуры,
Яна адтуль блакітным вокам пазірае
На наш пейзаж — імглісты, белы і пануры.
Зіма пасцелю засцяліла снежна-белым,
Заткала срэбрам зіхаткім, нібы ў палацы,
На чыстым ложку будзе хораша кахацца,
Яе снягі тапіць гарачым прагным целам,
І веснаваць, крышыць ільды на сонных рэках,
Стагнаць вятрамі, у апошні міг забыцца,
У майскай жарсці глуха ўскрыкнуць навальніцай
І зацяжарыць, як адвеку і спрадвеку.
Вясна чакае, хутка-хутка – і настане,
Распуснай паннаю, няўрымслівай каханкай
З вясёлым гоманам збяжыць на пагулянку,
Каб нас вучыць распусце і каханню.

6.02.15.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0