Выйшаў у свет «Беларускі Праваслаўны Каляндар на 2008 год», падрыхтаваны Брацтвам у гонар Віленскіх мучанікаў і выдавецтвам Свята‑Петра‑Паўлаўскага сабора Мінска.

Традыцыйна Каляндар змяшчае акрамя падрабязных богаслужбовых каментарыяў трапары, кандакі і задастойнікі двунадзесятым святам у перакладзе на беларускую мову, а таксама трапары і кандакі святым зямлі Беларускай на царкоўнаславянскай і беларускай мовах. Імёны беларускіх святых у Календары выдзелены тлустым шрыфтам, паколькі паводле рашэння Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ў дзень памяці ім належыць служыць усяночнае трыванне.

Адзін з тэматычных раздзелаў Календара прысвечаны 1015‑годдзю Праваслаўнай Царквы ў Беларусі. Кароткі ілюстраваны нарыс знаёміць чытачоў з сучасным жыццём нашай Царквы праз разнастайныя напрамкі яе дзейнасці.

13/26 лютага 2008 года спаўняецца 400 гадоў памяці дабравернага князя Канстанціна (у Хрышчэнні Васілія) Астрожскага — слыннага асветніка і абаронца Праваслаўя. У дадатковым раздзеле Календара акрамя матэрыялаў, прысвечаных жыццю і дзейнасці князя Канстанціна, друкуецца ў перакладзе на сучасную беларускую мову яго Пасланне да праваслаўных жыхароў Вялікага княства Літоўскага з палымяным заклікам цвёрда стаяць у Святой Праваслаўнай веры і не спакусіцца згубнымі прынадамі свету гэтага. Словы дабравернага князя звернуты і да нас, якія пакліканы захаваць неацэнны скарб веры і перадаць яго нашчадкам з роду ў род.

***

Набыць Каляндар можна ў кніжнай лаўцы Свята‑Петра‑Паўлаўскага сабора па адрасе: 222004 г. Мінск, вул. Ракаўская, 4, або ў Брацтве (тэл. у Мінску 226‑98‑15).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?