Без жартаў — у вас будзе рэальная магчымасць выпіць у кампаніі Бэтмэна, Дарта Вэйдара ці Супермэна ў сапраўдным бары, які нейкім фантастычным (а якім ж яшчэ!) чынам быў перанесены ў «Чыжоўку-Арэну» з невядомай аддаленай галактыкі. Арганізуюць гэты і іншыя цуды, якія адбудуцца ў Мінску вясной, беларускія аматары фантастычнага і фэнтэзійнага кіно, кніг, коміксаў і серыялаў — ад «Зорных войнаў» да «Гульні прастолаў».

Яскравае і маштабнае мерапрыемства ладзіцца ў сталіцы ўжо не першы год, і з кожным годам расце колькасна і якасна, пераязджае на ўсё больш прасторныя пляцоўкі, таму мы паразмаўлялі з некаторымі арганізатарамі Universe Convention-2015 (UniCon, ЮніКон) за кубкам квасу.

— Мы намагаемся зрабіць так, каб кожны, хто зацікавіцца і зойдзе, мог даведацца для сябе нешта новае. Заўсёды навічкам тут распавядуць і падкажуць. Але, канешне, тыя, хто ўжо разумее, пра што размова і ідзе мэтанакіравана на нейкі стэнд, у нейкі фэндом, тыя знойдуць для сябе яшчэ больш, — кажа генеральны прадзюсар фэсту Павал Чабай.

Фанаты арганізуюць за 2 дні фэсту мноства вялікіх і малых конкурсаў, віктарын, гульняў, выступаў і іншых спосабаў пабавіць час, але асноўнае — гэта стэнды, якія ствараюцца ўласнаручна самімі прыхільнікамі таго ці іншага фантастычнага сусвету.

Кожны стэнд — гэта своеасаблівая прэзентацыя таго ці іншага фантастычнага твора ці сусвету, а таксама пляцоўка для мерапрыемстваў і магчымасць пазнаёміцца з больш шырокім спектрам фантастыкі.

 — Людзі, якія рыхтуюць стэнды, гатовыя да ўзаемадзеяння з новымі людзьмі, кожная група рыхтуе сваю праграму, такім чынам заахвочваючы людзей, і заўсёды ёсць каму адказаць на пытанні. Гэтак пасля ЮніКона 2013 года вялікая колькасць людзей паглядзела «Доктара Хто», зацікавілася гэтым серыялам, — распавяла каардынатарка Вікторыя Мазанік.

Каля адных стэндаў можна будзе даведацца пра гісторыю войнаў эльфаў і оркаў, каля іншых — пра сапраўдных робатаў, якія працуюць у космасе. Аматары камп’ютарных гульняў прапануюць пагуляць вам у класічныя 8-бітныя хіты вашага дзяцінства (калі тады вы ўжо нарадзіліся), а ў іншых месцах можна будзе паспрабаваць сябе ў настольных гульнях.

Фанаты «Зорных войнаў» у мінулым годзе арганізоўвалі двубоі на светлавых мячах!

Неад'емнай і ці не самай заўважнай часткай праграмы ЮніКона з'яўляецца т.зв. касплэй (ад ангельскага costume play) — пераўтварэнне фанатаў у герояў фантастычных твораў, што прыносіць шмат радасці і самім фанатам, і дзецям, якія часта любяць фатаграфавацца з жывымі героямі сваіх любімых фільмаў ці мульцікаў.

Пачынаўся ж беларускі фэст з пытання «А чаму паўсюль ёсць, а ў нас няма?», кажуць зусім не старыя «ветэраны» ЮніКона.

— Першапачаткова гэта было вельмі малабюджэтна — пара школьнікаў і пара студэнтаў. Ідэя была — мы хочам такога, як у іх, але да іх ехаць дорага, давайце зробім у сябе сваё. Першы раз (на ЮніКоне) было чалавек 50. Але мы зразумелі, што ў людзей ёсць цікавасць, і пачалі арганізоўваць ужо на іншым узроўні, — кажа Павал Чабай.

З кожным годам колькасць удзельнікаў павялічвалася ў разы. У мінулым годзе з поспехам у Палацы культуры МАЗа прайшоў трэці ЮніКон, на які прыйшло пад тысячу чалавек. У гэтым годзе фэст перарос ужо і гэтую пляцоўку і пераедзе ў «Чыжоўку-Арэну».

Вырас якасны і колькасны ўзровень фестывалю, пашырыўся і тэматычны абсяг — у 2015 годзе ўпершыню у ЮніКоне будуць удзельнічаць аматары фэнтэзі — «Уладара пярсцёнкаў», «Гульні прастолаў», сусвету Гары Потэра.

Аднак ад прыцягнення фанатаў анімэ арганізатары пакуль устрымліваюцца.

— Фестываль анімэ (у межах фэсту моладзевай усходнеазіяцкай культуры) у Беларусі праводзяць, а вось фэсту аналагічнай сучаснай еўрапейскай масавай культуры няма. Такім чынам, ён запатрабаваны і з гэтага пункту гледжання, — адзначыла крэатыўны прадзюсар Галіна Вашкевіч.

Акрамя спецыялізаваных стэндаў, будзе дзейнічаць агульная сцэна, на якой адбудуцца і найбольш гучныя, і больш акадэмічныя мерапрыемствы — гэтак, арганізатары думаюць запрасіць некаторых вядомых пісьменнікаў-фантастаў, але пакуль трымаюць імёны запрошаных у сакрэце.

Нашы землякі пачалі з малога, а цяпер у праграме даволі маладога беларускага фестывалю ўжо шмат рэчаў, якіх не сустрэнеш на аналагічных фэстах у іншых краінах. Хочаце даведацца якіх? Знайсці новых знаёмых? Павесяліць сваіх дзяцей?

Можаце праз афіцыйны сайт фэсту unicon.by далучыцца да 27 груп фанатаў, якія рыхтуюць стэнды.

Ці проста прыходзьце на 4 беларускі фестываль фантастыкі, фэнтэзі, коміксаў і камп’ютарных гульняў UniCon 18-19 красавіка гэтага года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?