Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце назвала Расію прамым агрэсарам. Пра гэта яна заявіла ў ходзе Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.

«Праблема пачалася з Украіны. І яна непасрэдна звязана з нашым рэгіёнам, таму што мы — сусед Украіны. У нас ёсць сусед, які з'яўляецца прамым агрэсарам, які арганізоўвае вайну, прымае непасрэдны ўдзел у вайне, пастаўляе зброю, паводзіць сябе, як тэрарыст. І не толькі на межах, але таксама і ў сярэдзіне Украіны», — цытуе літоўскага прэзідэнта ўкраінскі тэлеканал 112 Украіна, які трансляваў працу Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.

«Сёння, учора, два дні таму ў нас вялікая канцэнтрацыя ваеннай сілы на нашай мяжы ў Калінінградзе. Мы таксама знаходзімся пад пагрозай. Дэманстрацыя сілы ў Прыбалтыцы штодзённая…», — сказала прэзідэнт Літвы.

Яна назвала гэтыя дзеянні РФ «гульнёй мускуламі», каб Літва перастала падтрымліваць Украіну.

«Я веру, што Ангела Меркель нікому не здрадзіць. Яна настроеная на рашэнне пытанняў. Яна нікому не здрадзіла.

Бо калі цяпер здрадзіць Украіне і ўкраінскаму народу, гэта значыць, што мы самім сабе здрадзім, бо пасля Украіны наступнымі будзем мы», — адзначыла Грыбаўскайце. Паводле яе слоў, гэта гістарычныя ўрокі, і асабліва добра іх ведае Меркель.

Грыбаўскайце заклікала падтрымаць Украіну усімі магчымымі сродкамі, неабходнымі для абароны — ня для наступу — свайго народа і тэрыторыі.

«Мы дапамагаем Украіне усімі магчымымі сродкамі», — адзначыла яна і дадала, што Літва заўсёды будзе аказваць падтрымку Украіне.

У сваю чаргу прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка адзначыў, што давярае Меркель.

«Хачу падтрымаць Далю Грыбаўскайце ў тым, што мы давяраем спадарыні Меркель. У нас працягваецца супрацоўніцтва, і мы вельмі цэнім яе намаганні адносна ўстанаўлення міру», — падкрэсліў украінскі прэзідэнт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?