Віцэ-міністр фінансаў Польшчы Артур Радзівіл прызначаны ўпаўнаважаным польскага ўраду па падтрымцы рэформаў ва Украіне.
Пра гэта абвясціў польскі міністр фінансаў Матэуш Шчурэк, паведаміла 6 лютага «Польскае радыё».
Шчурэк распавёў, што задачай ўпаўнаважанага будзе падтрымка ўсіх дзеянняў Польшчы, якія накіраваныя на рэфармаванне ўкраінскай эканомікі і паглыбленне супрацоўніцтва Польшчы з Украінай.
У сваю чаргу Радзівіл падкрэсліў, што эканамічная сітуацыя ва Украіне пастаянна пагаршаецца. Ён дадаў, што вопыт Польшчы ў правядзенні рэформаў можа стаць карысным для Кіева.
Радзівіл адзначыў, што сумесна з украінскай уладай ён будзе вырашаць, як лепш за ўсё выкарыстоўваць польскі крэдыт. Раней паведамлялася, што Польшча выдзеляе Украіне крэдыт на 100 млн еўра.
Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы падчас візіту ў Кіеў таксама паабяцаў прадастаўленне Украіне ад ЗША дадаткова 1 млрд даляраў крэдытных гарантый.
«Мы гатовыя разгледзець яшчэ адну гарантыю пазыкі сёлета на адзін мільярд даляраў, калі рэформы будуць працягвацца», — адзначыў Керы на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэм'ерам Украіны Яцанюком ў Кіеве 5 лютага.