18 студзеня, у пятніцу, а 18.00 на менскай сядзібе Народнага Фронту адбудзецца прэзэнтацыя раману Наталкі Бабінай «Рыбін горад», што выйшаў нядаўна ў сэрыі «Кнігарня «Наша Ніва».

У вострасюжэтным творы знайшлі сваё адлюстраваньне і сучасныя палітычныя падзеі ў Беларусі, і экскурсы ў гісторыю старажытнага Берасьця. Перад вечарынай з Наталкай Бабінай сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Наталка, мінулы год быў для вас плённы, выйшлі адразу дзьве вашыя кнігі – зборнік апавяданьняў “Крыві не павідна быць відна” і раман “Рыбін горад”. Цікавае выдавецкае вызначэньне раману: ён і прыгодніцкі, і дэтэктыўны, і жаночы, і вострасюжэтны. А чаго зь пералічаных прыкметаў у ім больш?”

Наталка Бабіна: “Мне даволі цяжка адказаць на гэтае пытаньне. Я гэты раман задумвала, выношвала, пісала на чыстай інтуіцыі. Ёсьць філфакі розных ВНУ, дзе вучаць пісаць захапляльныя творы. Але паколькі я інжынэр электроннай тэхнікі, то гэтых правілаў і рэцэптаў ня ведаю. Я магла спадзявацца толькі на ўласную інтуіцыю. Спадзяюся, што той, хто будзе чытаць гэтую кнігу, пабачыць у ёй нешта сваё. І для кагосьці яна падасца больш сацыяльнай, для кагосьці – больш гістарычнай”.

Скобла: “Падзеі ў вашым рамане зьмяняюцца надзвычай хутка, увогуле, сюжэт разьвіваецца вельмі дынамічна, як у фільмах Кустурыцы. Гераіня раману змагаецца з бізнэсмэнам-бандытам Кукелем, шукае зь сябрамі старажытны скарб, яе арыштоўвае спэцназ… Дарэчы, вельмі яскрава вы апісваеце знаходжаньне ў пастарунку і дзеяньні спэцназаўцаў. Вас хто небудзь кансультаваў у гэтай справе?”

Бабіна: “Кансультантаў, на жаль, магло б быць многа. Але тут мела месца такая гісторыя. У сакавіку мінулага году, пасьля вядомых падзеяў на Плошчы, майго брата арыштавалі. І я прысутнічала на судзе, бачыла гэтых самых спэцназаўцаў, якія нібыта чулі ад майго брата нецэнзурную лаянку, бачыла судзьдзю, якая прысудзіла яму дзесяць сутак. У перапынку паміж судовымі паседжаньнямі я патэлефанавала маме, каб сказаць, што брата судзяць, што ён знайшоўся, таму што мы доўгі час ня ведалі, дзе ён знаходзіцца. Расказала і пра тое, у чым яго вінавацяць. А мама мне па тэлефоне: “Наталачка, а ты скажы там у судзе, што наш Андрэй ніколі не лаецца”. “Я сказаць магу, але мяне не пачуюць”, – адказваю. І вось той суд даў мне штуршок да напісаньня гэтых сюжэтных ліній раману. Менавіта тады я зразумела, што ў Беларусі хлусьня пастаўленая ў аснову дзяржаўнай палітыкі. Я зразумела, наколькі гэта страшна. І вось усьведамленьне гэтага дапамагло мне напісаць гэты раман такім, якім ён і прыйшоў да чытача”.

Скобла: “Самы кароткі разьдзел у рамане складаецца з трох сказаў: “Любімы мой занятак – рыць норы ў часе. Калі іх рыю, калі-нікалі чую шэпт зямлі. Але рэдка”. Патлумачце, што гэта такое – рыць норы ў часе?”

Бабіна: “Кожны чалавек павінен адчуваць свае карані. Яны ў яго растуць са сьпіны, яны зачэпленыя ў часе. Ёсьць людзі, якія без асаблівых высілкаў гэтыя карані адчуваюць. А ёсьць людзі, да іх належу і я, якім, каб адчуць гэтыя карані, трэба разрыць час, зрабіць у ім нару”.

Скобла: “Я патлумачу нашым слухачам, што гераіня раману час ад часу трапляе ў сярэдзіну 16 стагодзьдзя на вуліцы старажытнага Берасьця, чуе гаворку тагачасных месьцічаў… Калісьці Станіслаў Лем прызнаваўся, што сядзеў і выдумляў невядома што, а потым навукоўцы знайшлі ў ягоных раманах адкрыцьці. А якую навуковую базу можна падвесьці пад перамяшчэньні ў часе вашай гераіні?”

Бабіна: “Усё, як у Лема! Калі я пісала, я бачыла сваю гераіню і адчувала, што зь ёю адбываецца. Пад тое, што яна пачала бачыць нейкія відзежы, я ніякай базы не падводзіла. Але нядаўна мне адна з чытачак сказала, што ў Джэка Лёндана ёсьць раман, герой якога трапляе ў турму, перажывае там допыты й катаваньні, і пасьля гэтага ў яго адкрываецца здольнасьць бачыць відзежы з далёкай мінуўшчыны”.

Скобла: “Кажуць, што песьня – гэта мова, на якой размаўляе душа. Героі вашага раману – сьвядомыя беларусы, яны чытаюць “Народную волю” і “Нашу Ніву”, але сьпяваюць выключна ўкраінскія песьні. Чаму так?”

Бабіна: “Мусіць, з-за недагляду... Неяк я не задумвалася пра тое, што яны сьпяваюць украінскія песьні. Калі я пісала гэты раман, дзеяньне якога адбываецца ў Берасьці і ваколіцах, то мне хацелася расказаць беларусам пра ўкраінскасьць гэтай зямлі. Таму што для мяне яна бясспрэчная. Мне хочацца, каб беларусы зразумелі гэта. І тады ўкраінскасьць будзе магутным рухавіком беларусізацыі, украінскасьць дапаможа беларускасьці. Калі гэта ігнараваць ці адпрэчваць, то гэта будзе на руку русыфікатарскім працэсам. Але насамрэч, героі раману – беларусы. Мы – беларусы, тут няма пра што гаварыць”.

Скобла: “Не магу пагадзіцца з вашай тэзаю наконт “украінскасьці Берасьцейскай зямлі”. Вы ж самі сабе пярэчыце. На старонцы 56 раману вы прыводзіце аўтэнтычны дакумэнт 16 стагодзьдзя, датычны падзеяў у рамане. Хіба ж ён напісаны не па-беларуску? “Пан Бартош шаблею грозил, и бранился непотребно, ибо бысть упоен владою, а холопы киями и ланцухами, прымусили пана Хрыстофа цедулу отдати, а в той цедуле показано, где належит шукати лар з клейнотами. То пан Хрыстоф Сторымович Трызна… просит панов бурмистров… повернуть цедулу и штраф поменёному Костомлоцкому присудити, а маючы в том великий жаль и крывду немалую… просил, иж бы тое оповеданье и жалоба была до книг меских берестейских записана.” Адметная беларуская мова, хіба вы ня згодныя?”

Бабіна: “Ну, на такой мове ў 16 стагодзьдзі і на Берасьцейшчыне, і на Гарадзеншчыне, і на Львоўшчыне размаўлялі”.

Скобла: “Ня будзем заглыбляцца ў гістарычную лінгвістыку. Наталка, ледзь толькі “Рыбін горад” выйшаў з друку, пайшлі чуткі, што ён ужо перакладаецца на замежныя мовы, ці так гэта?”

Бабіна: “Сапраўды так. Мяне вельмі радуе, што раман будзе перакладзены на ўкраінскую і польскую мовы. Пра гэта ўжо ёсьць папярэдняя дамова. І літаральна днямі мне паведамілі, што “Рыбіным горадам” зацікавіліся перакладчыкі і выдаўцы са Швэцыі”.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?