Найбуйнейшы аператар сувязі Украіны «Укртэлекам» адключыў у Крыме стацыянарную тэлефонную сувязь і інтэрнэт, таксама аказанне паслуг прыпыніў мабільны аператар «Трымоб».
На раніцу 10 лютага ў Крыме адноўленая толькі стацыянарная тэлефонная сувязь між абанентамі на самім паўвостраве.
Сувязь з Расіяй і ўсімі астатнімі краінамі свету пакуль у працэсе наладкі. Па словах віцэ-прэм’ера Крыма Дзмітрыя Палонскага, прычыны адключэння не былі названыя, папярэджання аб прыпыненні паслуг не было.
Дырэктар па сувязях з грамадскасцю «Укртэлекам» на Facebook патлумачыла: офіс кампаніі ў Сімферопалі быў уночы захоплены невядомымі, кампанія не кантралюе Крымскае аддзяленне. Кабелі, што злучалі паўвостраў з Украінай, фізічна адключаныя.
Супраць «Укртэлекама» ў Крыме была заведзена крымінальная справа — кампанію абвінавачвалі ў фінансаванні ўкраінскіх вайсковых фармаванняў, прызнаных у Расіі экстрэмісцкімі.
На пачатку лютага калектыў крымскага філіяла «Укртэлекама» прасіў «кіраўніка» «рэспублікі» Сяргея Аксёнава аб нацыяналізацыі прадпрыемства. Паводле звестак «Крымскай службы навін», такое рашэнне магло б быць прынятае 11 лютага.
«Укртэлекам» абслугоўваў больш за 80% абанентаў стацыянарнай тэлефоннай сувязі, у верасні 2014 года прыпыніў паслугі ў Севастопалі. «Трымоб» быў апошнім украінскім мабільным аператарам на тэрыторыі паўвострава. У жніўні ў Крыме пачаў працаваць мясцовы мабільны аператар «Трымоб», які заяўляў аб падключэнні 2 млн абанентаў — лічба роўная насельніцтву паўвострава.