kremlin.ru

kremlin.ru

Улады Беларусі запыталі ва ўрада Расіі фінансавую падтрымку на 2015 год памерам 2,5 млрд даляраў.

Пра гэта распавялі парталу TUT.BY некалькі інфармаваных крыніц.

«Цяпер абмяркоўваецца магчымасць розных формаў [фінансавай] дапамогі з боку ўрада Расіі. Гэта могуць быць як крэдыты ад урада РФ, так і буйных расійскіх дзяржбанкаў. Агулам падтрымка можа скласці 2,5 млрд даляраў», — распавёў суразмоўца.

«Плюс да ўсяго беларускія прадпрыемствы могуць атрымаць істотныя прывілеі па доступе на расійскі рынак. Сёння, нягледзячы на дэклараваную адзіную эканамічную прастору, існуюць пэўныя бар'еры наконт доступу на рынак РФ», — дадаў ён.

Паводле газеты «Белорусы і рынок», «гаворка ідзе пра доўгія і кароткія грошы, агульная заяўленая сума перавышае 2 млрд даляраў».

Крыніца паведаміла, што ў цяперашні час урад Беларусі рыхтуе праграму сумесных з Расіяй антыкрызісных мер па пераадоленні праблем у эканоміцы. Фінальную версію плануецца разгледзець і ўзгадніць на пасяджэнні Вышэйшай дзяржрады Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі 3 сакавіка.

Аб магчымай фінансавай падтрымцы з боку Расіі гаварыў на вялікай прэс-канферэнцыі 29 студзеня Аляксандр Лукашэнка. «Нам не хацелася б яшчэ крэдытаў. Але я маю цвёрдыя дамоўленасці з прэзідэнтам і прэм'ер-міністрам [Расіі], калі нам будзе вельмі цяжка, то Расея плячо падставіць», — запэўніў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што беларуская эканоміка з'яўляецца сёння «часткай расійскай эканомікі».

Неўзабаве міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў пацвердзіў, што Расія ў выпадку крайняй неабходнасці разгледзіць магчымасць прадастаўлення фінансавай дапамогі Беларусі, эканоміка якой «цесна звязана» з расійскай.

«Зараз мы вывучаем сітуацыю разам з нашымі беларускімі калегамі. Мы аналізуем ўсе фактары, якія аказваюць ўздзеянне на эканамічную сітуацыю ў абедзвюх краінах, у прыватнасці, санкцыі і падзенне коштаў на нафту. У цяперашні час мы вядзем перамовы», — адзначыў Сілуанаў.

Беларусі ў гэтым годзе неабходна выплаціць каля 4 млрд даляраў па знешніх абавязацельствах.

Пры гэтым золатавалютныя рэзервы краіны працягваюць раставаць. За студзень яны усохлі яшчэ на 335 млн даляраў — да 4,7 млрд даляраў.

У Мінфіне Беларусі адмовіліся ад каментароў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?