23 студзеня новы прэм’ер-міністар Украіны сустрэнецца ў Маскве са сваім расейскім калегам. Гэтай сустрэчы папярэднічалі падзеі, што сьведчаць пра пачатак новай газавай вайны.

Перад сустрэчай кіраўнікоў урадаў бакі абмяняліся непрыемнымі заявамі, паведамляе «Коммерсант-Украина». Паводле выданьня, Расея паведаміла, што праз перабоі зь сярэднеазіяцкім газам, пастаўляе ва Ўкраіну ўласнае блакітнае паліва, дзякуючы чаму ўкраінцам давядзецца заплаціць разам з пратэрмінаванай запазычанасьцю $830 млн. Новы кіраўнік «Нафтагаза» Алег Дубіна, паводле інфармацыі газэты, ужо сёньня ў часе перамоваў мае прапанаваць «Газпраму» новыя ўмовы транзыту паліва праз тэрыторыю Ўкраіны. Згодна ім, украінскі бок жадае павялічыць стаўку за пракачку 1 тыс. куб. м расейскага газу ў Эўропу па 100 км тэрыторыі краіны з $1,7 да $9,32. Акрамя таго Кіеў будзе дамагацца ліквідацыі пасярэдніцкай кампаніі «RosUkrEnergo», а таксама абмежаваньня дзейнасьці «УкрГаз-Энерго» на ўнутраным рынку, чые 50% актываў належаць першай кампаніі. Выглядае на тое, што новы ўрад Украіны ня толькі жадае атрымаць дадатковыя прыбыткі шляхам павелічэньня ў 5,5 разоў мыта за транзыт, але й пазбавіць манапаліста прыбыткаў ад продажу газу на ўнутраным рынку.

«Газпрам» пацьвердзіў гатоўнасьць перайсьці да наўпроставых пастава газу ва Ўкраіну і назваў цану саступкі — $7,43 млрд дадатковых плацяжоў. Украіна гатовая да такога павароту, заявіў адзін з профільных чыноўнікаў. Пры ўмове, што транзыт расейскага газу па тэрыторыі Ўкраіны будзе адбывацца паводле прапановы А. Дубіны: у такім разе прыбытак ад транзыту акупіць выдаткі ад саступкі «Газпраму».

Валеры Несьцераў з «Тройка Диалог» мяркуе, што настойлівасьць Украіны можа прывесьці да зрыву перамоваў. Дырэктар Інстытуту глябальных стратэгій Вадзім Карасёў лічыць, што Юлія Цімашэнка сьвядома ідзе на канфрантацыю. Экспэрт перасьцерагае наконт магчымага паўтору сытуацыі, што ўзьнікла ў студзені 2006 г., калі Расея адключыла Ўкраіне газ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?