Генеральны дырэктар нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Алег Сільвановіч напісаў заяву аб звальненні. Пра гэта гендырэктар «Беларусьфільма» паведаміў БелаПАН. 

Паводле яго слоў, заяву ён падаў у панядзелак, 9 лютага, і яна павінна была быць зарэгістравана. «На гэтай пасадзе я адпрацаваў чатыры гады, — адзначыў ён. — Час і ўмовы змяняюцца. Сумна ўсведамляць, што не ўсё атрымалася зрабіць. Хацеў бы, каб на маё месца прыйшоў чалавек, якому будуць давяраць». 

«Вядома, звальненне — гэта заўсёды балючая працэдура, — гаворыць кіраўнік кінастудыі. — Менавіта таму я вырашыў папярэдзіць пра сваё звальненне загадзя, як таго патрабуе закон. Якія планы? Пакуль мне рэальна хочацца адпачыць. Што будзе далей — не ведаю. У любым выпадку фінал — гэты заўсёды новы пачатак». 

Інфармацыю пра атрыманую заяву ў Міністэрстве культуры Беларусі пакуль не пацвярджаюць.

Начальнік упраўлення кінавідэамастацтва Мінкульта Уладзімір Лісоўскі ў гутарцы з журналістам БелаПАН сказаў, што ні пра якую заяву пакуль не чуў, але заўважыў, што думка пра звальненне ў кіраўніка «Беларусьфільма» сапраўды была. 

«Можа быць, ён проста стаміўся, — выказаў меркаванне прадстаўнік Мінкульта. — Кіраваць «Беларусьфільмам» — гэта цяжкая ноша. Там цяпер склалася не вельмі простая сітуацыя. Ідзе рэканструкцыя, да таго ж трэба выконваць план па вытворчасці карцін. Усё гэта, вядома, цяжка, у кіраўніка мог адбыцца часовы прарыў праявы слабасці. Трэба перажыць. Тым больш чалавек займае сур'ёзную пасаду. Так проста яго наўрад ці адпусцяць. Міністэрства культуры Беларусі пакуль не бачыць кандыдатуры на яго месца. Кантракт з Сільвановічам заключаны да восені. Быць можа, да гэтага часу яго настрой палепшыцца. Нельга апускаць рукі». 

Сярод магчымых прычын такога настрою дырэктара кінастудыі Лісоўскі назваў неаднаразовыя вымовы ў адрас Сільвановіча.

«Наколькі я памятаю, раней да яго выказваліся прэтэнзіі, звязаныя з выплатай зарплаты, а таксама нейкімі недапрацоўкамі. Адным з апошніх была вымова, зробленая ў сувязі са слабым кантролем за ходам рэканструкцыі кінастудыі. Як яе дырэктар, ён абавязаны займацца не толькі вытворчасцю, але і сачыць за ўсімі бягучымі справамі. Напрыклад, калі рабочыя дрэнна працуюць — падганяць іх, рабіць заўвагі. У нас лічыцца так: калі кіраўнік не патрабуе, нездавальняючы вынік — гэта праблема не толькі будаўніка, але найперш і яго ўласная, хоць асабіста я лічу, што ёсць акалічнасці, якія пераадольваць вельмі цяжка. На гэтай рэканструкцыі завязана шмат выканаўцаў, і яны таксама павінны працаваць. Вядома, усе мы марым, каб да канца 2015 года яна была завершаная, як планавалася, аднак пакуль пра гэта гаварыць вельмі рана», — адзначыў прадстаўнік Мінкульта. 

Як растлумачылі на кінастудыі, замоўцам работ з'яўляецца ААТ «Аб'яднаная дырэкцыя будаўнічых аб'ектаў» Міністэрства культуры. Пры гэтым цяпер яна знаходзіцца ў стадыі банкруцтва і рэканструкцыя фактычна не вядзецца. Генеральным падрадчыкам выступае ААТ «Будтрэст №1». 

Нагадаем, што з 26 снежня 2010 года, калі мінуў тэрмін кантракта з Уладзімірам Замяталіным, кінастудыя працавала без генеральнага дырэктара. Новы кантракт Міністэрства культуры Замяталіну не прапаноўвала. 

Алег Сільвановіч быў прызначаны генеральным дырэктарам «Беларусьфільма» прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам 30 чэрвеня 2011 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?