Расійскія танкі змогуць дабрацца да Варшавы ўсяго за суткі, а над Берлінам будзе лунаць расійскі сцяг. Пра магчымасці расійскай арміі распавёў выніковы выпуск навін на пракрамлёўскім тэлеканале «5-TV».
Вядучая Ніка Стрыжак раскрытыкавала кіраўніка польскага МЗС Гжэгажа Схетыну за яго прапановы перанесці юбілейны парад перамогі ў Другой сусветнай з Масквы ў іншы горад і заявіла аб тым, што расейскія танкі варта адправіць у Варшаву.
«Цалкам можна і ў Варшаве паказаць нашы танкі. Зладзіць такія вялікія еўрапейскія гастролі. Клапотна, але можна. А чаму толькі палякам свята?» — сказала вядучая праграмы Ніка Стрыжак.
Пад словы вядучай быў змантаваны анімацыйны ролік у якім у ваенным гарадку здымаюць сцяг Германіі і падымаюць трыкалор РФ.
«Многія расійскія афіцэры нядрэнна ведаюць Германію, ім там нават карта не спатрэбіцца. Галоўнае, каб яны «на аўтамаце» не занялі ваенныя гарадкі, якія пасля аб'яднання ФРГ і ГДР дасталіся немцам», — гаворыцца ў сюжэце.
Вядучая паказала на тое, што Прага, Хельсінкі, Вільнюс і Талін знаходзяцца вельмі блізка ад Масквы, і туды расійскія салдаты змогуць дабрацца пешшу.
«Армія ў нас вялікая, на ўсіх хопіць. Яшчэ і для Масквы застанецца», — гаворыцца ў сюжэце.