Арышты пасьля 10 студзеня набылі ўжо ланцуговы характар: судзяць за салідарнасьць з раней асуджанымі. Калі ў пасадках лідэраў прадпрымальніцкага пратэсту была нейкая лёгіка (нэўтралізаваць завадатараў, зьменшыць маштабы акцыі, прызначанай на 21-е), то сёньняшнія арышты студэнтаў надаюць рэпрэсіўнаму працэсу, на першы погляд, нейкі ўжо ірацыянальны характар.

Псыхоз? Ці "органы" проста "адцягваюцца" па поўнай праграме, атрымаўшы доўгачаканую адмашку? Гэта ж колькі давялося вытрываць, наступаючы на горла ўласнай песьні, калі увосень "опы" нахабна разгульвалі па Кастрычніцкім пляцы і беспакарана выпаўзалі на праезную частку з эўразьвязаўскімі штандарамі…

Стала папулярнай тэза, што, вось, пасьля візыту Пуціна і ягоных падарункаў тутэйшае начальства ахопленае эўфарыяй братняга рэнэсансу — і таму пасылае Захад куды падалей. Таму, маўляў, і пачалося: паказальна жорсткі прысуд Фінькевічу, дзьве хвалі пасадак прадпрымальніцкіх лідэраў, цяпер вось зноў за моладзь узяліся…

Я б не перабольшваў тут расейскі чыньнік. Ня думаю, што Лукашэнка верыць у сяброўскія пачуцьці зь боку крамлёўскіх. Хутчэй што наадварот — прадбачыць непазьбежнасьць новага ціску пасьля расейскіх выбараў. І таму масты ў стасунках з Эўропай ня паляцца. То міністар Мартынаў закране тэму, як гэта было ў пераднавагоднім інтэрвію "Ройтэрз", то прэсавы сакратар Папоў намякне на хуткае адкрыцьцё прадстаўніцтва Эўракамісіі, то сам прэзыдэнт на нарадзе нагадае пра неабходнасьць шматвэктарнай палітыкі.

Дый загадкавая тэлефонная размова з Пуціным "на ініцыятыву беларускага боку", пра зьмест якой не сказана ні слова нават дзеля прыліку, наводзіць на думку, што ня ўсё гладка ў стасунках з Масквою.

Так што ў новым палітычным сэзоне цалкам імаверныя і новыя баталіі на нафтагазавай ці іншай эканамічнай глебе, і чарговыя спробы завязаць дыялёг з Эўропай.

А пакуль што — замежнапалітычнае міжсэзоньне. І чаму б не скарыстаць яго дзеля застрашваньня ўнутраных дэструктыўных элемэнтаў? А то за восень зусім разбэсьціліся, адчулі беспакаранасьць… Вось і адцягваюцца зараз органы па поўнай.

А Захад… Ну што Захад? Цынічна разважаючы, ці пяць палітвязьняў, ці шэсьць — для яго розьніца невялікая, набор патрабаваньняў той самы. Ну а імідж рэжыму ўжо такі, што вязень туды, вязень сюды — непрынцыпова. Калі ж гэта не паўтара году, а 15 сутак — дык і зусім дробязь у міжнародным маштабе. Празь месяц пра гэтых арыштантаў ніякая Фэрэра-Вальднэр і ня ўспомніць… А вось для айчыннай публікі кожны прысуд — паказальны ўрок: і вам тое будзе, калі рыпнецеся!

Так што — касі, каса, пакуль раса!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?