Аляксандар Зьдзьвіжкоў атрымаў тры гады турмы за «распальваньне рэлігійнай варожасьці». Дакладней – за перадрук карыкатураў. Што прадэманстравала нам улада на прыкладзе справы журналіста? Піша Віталь Тарас.

Аляксандар Зьдзьвіжкоў атрымаў тры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму за «распальваньне рэлігійнай варожасьці». Дакладней – за перадрук карыкатураў дацкага мастака ў газэце «Згода», дзе Зьдзьвіжкоў быў намеснькам галоўнага рэдактара. Гэта быў люты 2006 году…

Што прадэманстравала нам улада на прыкладзе справы журналіста?

Па-першае, яна паказала сваю надзвычайную жорсткасьць і помсьлівасьць.

Зьдзвіжкова ўзялі ў той момант, калі ён прыехаў у Беларусь наведаць магілу бацькі – як у кепскіх дэтэктывах пра шпіёнаў і тэрарыстаў. Гэта адбылося праз год і дзевяць месяцаў пасьля ўзбуджэньня крымінальнай справы (!). І кінулі журналіста не ў абы якую турму, але ў славутую «амэрыканку», турму КДБ у Менску. Яго судзілі за зачыненымі дзьвярыма, як сапраўднага дзяржаўнага злачынцу. А дзяржаўны вінаваўца патрабаваў даць яму чатыры гады зьняволеньня.

Па-другое, у лада зноў прадэманстравала ўсяму сьвету, што эўрапейскія каштоўнасьці для яе – пусты гук. У тым ліку, свабода слова і свабода сумленья.

Публікацыя карыкатураў у дацкай газэце Jyllands-Posten выклікала, як вядома, масавыя акцыі пратэсту мусульманаў-фанатыкаў ва ўсім сьвеце. (Дарэчы, апублікаваныя яны былі ў 2005 годзе, але рэакцыя ўсчалася, калі карыкатуры перадрукавалі іншыя газэты – у тым ліку, у Нарвэгіі і Францыі.)

Самая вядомая сярод карыкутараў – выява барадатага чалавека ў чалме, у якой прыхаваная бомба з падпаленым шнурам. Лёгка зразумець, што гэта карыкатура ня столькі на прарока Мухамэда (хоць так была пазначаная сэрыя малюнкаў), колькі на ісламскіх экстрэмістаў і шахідаў, якія зьдзяйсьняюць жудасныя злачынствы ад імя прарока.

Але ў мусульманскім сьвеце не зразумелі “гумару”. Акцыі пратэсту ў самых розных краінах працягваліся некалькі месяцаў. Удзельнікі гэтых акцыяў палілі дзяржаўныя сьцягі Даніі, Нарвэгіі і, чамусьці, ЗША. У сталіцы Інданэзіі Джакарце натоўп фанатыкаў спрабаваў захапіць дацкае пасольства. Бясчынствы натоўпу ў розных краінах суправаджаліся пагромамі, у якіх загінулі дзясяткі чалавек. Дзясяткі журналістаў атрымлівалі пагрозы на свой адрас, калі толькі яны спрабавалі выказацца ў падтрымку калегаў з Даніі.

Заходнія журналісты таксама праводзілі свае акцыі пратэсту – толькі ў больш цывілізаваным выглядзе. Журналісцкая салідарнасьць выказвалася, найперш, праз перадрук дацкіх карыкатураў.

Наколькі мудрым было рашэньне апублікаваць іх у газэце “Згода” у той палітычнай сітуацыі, якая тады склалася ў Беларусі – гэта ўжо іншае пытаньне. Яна ня мае дачыненьня да свабоды словы.

Але ясна, што расплата за памылку журналіста – залішне жорсткая. Тым больш, што мусульмане Беларусі не выходзілі з акцыямі пратэсту. Больш за тое, іх прадстаўнікі выказвалі зьдзіўленьне наконт працэсу.

Вынікі яго могуць прынесьці задавальненьне хіба што Ахмадзінэджаду. А таксама «Хамасу», «Хэзбаллаху», Брыгадам пакутнікаў Аль-Аксы, Ісласмскаму джыхаду – колькі іх там яшчэ, розных экстрэмісцкіх арганізацыяў? Няўжо ўлада ў Беларусі не заўважае, што вольна або міжволі яна аб’ектыўна апынулася на іх баку?

Але яшчэ большае неўразуменьне выклікае маўчаньне многіх калегаў Зьдзвіжкова. Беларуская асацыяцыя журналістаў рабіла ўсё магчымае, каб хоць бы зьмякчыць прысуд былому намесьніка рэдактара. А якая рэакцыя калегаў зь іншых СМІ? Ці прычакаем рэакцыі палітычных партыяў і рухаў, праваабарончых арганізацыяў на тое, як чалавека прыносяць у ахвяру інтарэсам дзяржавы, папіраючы правы чалавека?

Ці ў нас дамінуе лозунг: «кожны памірае ў адзіноце»?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?