18 студзеня зь менскай калёніі быў вызвалены ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. 7 ліпеня 2006 г. Мікалая Аўтуховіча зьняволілі на тры з паловай гады, абвінаваціўшы ў няўплаце падаткаў у асабліва буйным памеры.Тэлефонны званок ад карэспандэнта «Нашай Нівы» засьпеў Мікалая Аўтуховіча ужо недалёка ад роднага Ваўкавыску.

«Наша Ніва»: Спадар Аўтуховіч, раскажыце, як адбывалася вызваленьне?

Мікалай Аўтуховіч: Гэта было абсалютнай нечаканасьцю. Падаецца, што ня толькі для мяне, але і для ахоўнікаў у турме. Відавочна, што яно было незаплянаванае. Пасьля сямі вечара да мяне ў камэру пачалі заходзіць міліцыянты, якія давалі на подпіс паперы аб датэрміновым вызваленьні. Хаця маю справу павінны былі разглядаць не раней за красавік. Яшчэ, ніколі не практыкавалася, каб паперы на вызваленьне вязьня афармлялі пасьля шостай вечара. Сёньня ж у калёніі адбыўся суд, прыехалі судзьдзя і пракурор, я нават не зразумеў, хто зь іх хто. Задалі некалькі пытаньняў, пасьля чаго мяне вызвалілі.

«НН»: З чым Вы зьвязваеце гэтае вызваленьне?

МА: Мне абсалютна відавочна, што была дадзеная нейкая каманда зьверху. Гэтыя людзі проста так нічога ня робяць. Дзіўлюся, што вызвалены толькі я. Думаў, што на волі апынуліся ўсе палітвязьні. Рашэньне відавочна палітычнае. Сёньня на судзе мне паведамілі, што я маю два мільярды нясплачаных пазык. Іх мне прысудзілі 27 сьнежня. Запыталі, ці зьбіраюся я іх сплачваць. Адказаў шчыра: «З чаго?». Нягледзячы нават на гэта, мяне выпусьцілі.

«НН»: Што будзіце рабіць цяпер?

МА: Разумееце, мяне вызвалілі ня цалкам. Проста замянілі зьняволеньне на выпраўленчыя работы. У панядзелак я мушу зьявіцца ў ваўкавыскую міліцыю, каб стаць на ўлік. Маю дакумэнт ад маіх сяброў, якія гатовыя ўзяць мяне на працу.

«НН»: Ці цяжка было перанесьці два гады за кратамі?

МА: Нялёгка. Асабліва, калі разумееш, што ні ў чым не вінаваты. Спачатку, калі толькі сядзіш у камэры і нікуды не выходзіш, то думаеш, што можна звар’яцець. Але чалавек такая істота, якая можа да ўсяго прызвычаіцца. Вакол мяне сабралася група аднадумцаў, зь якімі ўвесь час кантактаваў. Чытаў кніжкі, пісаў лісты. Нічога страшнага ў турме няма, мне даводзілася праходзіць выпрабаваньні і больш складаныя. Гэта ўсё ж не вязьніцы 37‑га году. Абыходзіліся са мной таксама нармальна, ніякіх нараканьняў на бок аховы няма.

«НН»: А як здароўе?

МА: Канечне, падарвалася. Не магу цяпер ужываць тлустую ежу. Патрэбна толькі дыетычная. Шмат чаго яшчэ. Трэба прайсьці нармальнае мэдычнае абсьледаваньне. Пасьля гэтага, мабыць, лягу ў шпіталь, каб крыху падлячыцца.

«НН»: А бізнэс аднаўляць ня думаеце?

МА: Бізнэс? На сёньняшні момант у гэтым няма сэнсу. Трэба вырашаць іншыя пытаньні, каб такія людзі, як я, маглі свабодна займацца бізнэсам. Бо нават калі я і аднаўлю сваю справу, то гэта ня значыць, што праз пэўны час мяне ня змогуць зноў пасадзіць у турму. Трэба рабіць так, каб не было вось такога. Раней я быў адзін, які змагаўся за свае правы, цяпер такіх шмат. Яны змагаюцца і, мяркую, дамогуцца свайго. Усяляк іх буду падтрымліваць.

«НН»: Па Вашых словах можна зразумець, што Вы сабраліся ў палітыку?

МА: Я ўжо ў палітыцы, мне няма куды адступаць. У нашай краіне кожны, хто незадаволены нечым робіцца палітыкам.

Гутарыў Зьміцер Панкавец

* * *

Пры канцы сьнежня 2007 г. суд пастанавіў канфіскаваць у М. Аўтуховіча 13 таксовак, кватэра і два склады. Сужэнству, аднак, пакінулі дом, які належыць ім разам. У зьняволенага засталася таксама аўтабаза, палова ягоных таксовак і адзін асобны будынак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0