28 сакавіка легенда айчыннага рока, гурт «Крама», упершыню выступіць з вялікім сольным канцэртам у мінскім клубе Re:Public. Музыкі цалкам выканаюць новы альбом «Белая вада», сыграюць лепшыя хіты, а таксама ўзгадаюць шэраг песень, якія амаль не гучалі на канцэртах.

«Сярод іншага сыграем «Iм не трэба мой блюз» з альбома «Гэй, там, налівай», «Паходную» з «Каменданта» і «Вецер жыве у травах» з дыска 1998 года «Што дапаможа нам, — расказвае нязменны лідар «Крамы» Ігар Варашкевіч. —Магчыма, узгадаем яшчэ што-небудзь са старога. Спадзяюся, нашы прыхільнікі дапамогуць з выбарам».

Далучыцца да складання сэтліста «Крамы» зможа кожны ахвочы. Прыхільнікам гурта неўзабаве будзе прадстаўлена на выбар 20 песень калектыву. Па выніках галасавання 5 з іх музыкі абавязкова выканаюць на канцэрце 28 сакавіка.

«Крама» ўжо шмат разоў выступала ў Re:Public, але сольны канцэрт стане першым для легендарнага гурту ў гэтым сталічным клубе.

«У камерных залах няма танцпола, — тлумачыць Ігар Варашкевіч. — А ў Re:Public спадабаецца і тым, хто любіць патанчыць і адарвацца, і тым, хто любіць паслухаць, седзячы за столікам».

«Крама» — мінскі гурт, створаны ў канцы 1991 года, які грае рытм-энд-блюз і блюз-рок. На сённяшні дзень дыскаграфія калектыву налічвае 7 студыйных альбомаў, апошні з якіх, «Белая вада», выйшаў у лістападзе 2014 года і атрымаў выключна станоўчыя водгукі крытыкаў і публікі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?