Пачатак гэтай гісторыі просты. Жыве сабе талерантны ды мірны беларускамоўны чалавек, які веданнем мовы нават зарабляе на хлеб. У пэўны момант з'яўляецца на свет уласнае дзіця і, вядома, цвёрды намер вырасціць яго беларусам – каб дзіця не толькі шанавала, разумела, любіла родную мову, але і каб размаўляла на ёй. Прынамсі, з маці, дзедам ды са сваякамі на вёсцы. Зрэшты, людзі, якія валодаюць беларускай мовай, нашай краіне яшчэ патрэбны – як настаўнікі, журналісты, дыктары, акцёры, супрацоўнікі музеяў ды ці мала хто яшчэ…

Cустрэча моўнага клуба «Мова TUT»

Cустрэча моўнага клуба «Мова TUT»

Першыя клопаты

Дома малы чуў і беларускую, і рускую мову, але зонт называў парасонам, а замест складанага слова велосипед казаў «ровар». Руская мова ў першую чаргу была мовай мультфільмаў, якія па-беларуску ніхто не агучвае – акрамя прыватных ініцыятыў, плён працы якіх невялікі. У два з паловай гады мы пайшлі ў дзіцячы садок: у нашым раёне Мінска ясельныя групы толькі рускамоўныя, «птушачка» побач з беларускай мовай як пажаданай мовай навучання ні на што не ўплывае (так вось ужо пяць гадоў папярэджваюць загадчыцы розных д/у).

Узімку мы далучыліся да суполкі беларускамоўных бацькоў, якія ў раённым аддзеле адукацыі «выбівалі» для дзяцей беларускамоўную групу на будучы год. Збіралі подпісы, звесткі, пісалі заявы – у парадку, усталяваным заканадаўствам, – і зрэшты ўсё атрымалася, у беларускую групу нас запрасілі. Але тут з'явіліся дзве прыватныя праблемы. 

Па-першае, у паліклініцы нам параілі запісацца на агляд у развіваўча-карэкцыйны цэнтр і збірацца ў лагапедычную групу. Па-другое, сям'я пачала чакаць яшчэ аднаго нашчадка – і зразумела, што з немаўлём на руках вазіць старэйшага за шэсць прыпынкаў у беларускамоўную групу было б выключным гераізмам. Муж і свякроў а шостай едуць на працу, і кожны, хто прынамсі з боку назіраў, як міла шпацыруюць мамы з двума дзеткамі (асабліва, калі адліга, ці дождж, ці ранішняя істэрыка «Не хачу-у-у!»), выдатна разумее, што, каб патрапіць хаця б у бліжэйшы дзіцячы садок, часам патрэбна немалая мужнасць і вытрымка. Таму ў беларускую групу мы не завіталі, а замест гэтага працягвалі наведваць рускамоўны садок і з лепшымі спадзяваннямі звярнуліся да лагапеда.

Беларускі лагапед і беларуская мова

Пра гэту праблему чытаць не даводзілася, а закрануць яе варта. Старэйшы сын займаўся з трыма лагапедамі і ў адказ на папярэджанне, што мама размаўляе па-беларуску, праз некалькі тыдняў даводзілася чуць катэгарычную параду: «Общайтесь с ребенком на русском языке, не надо его путать!»

Трэба адразу адзначыць, што ў час медыцынскіх кансультацый ніхто не звязваў затрымку ў развіцці маўлення з двухмоўем у сям'і. Да гэтага часу ў Беларусі нямала дзяцей расце ў сем'ях, дзе нехта размаўляе прынамсі на трасянцы, што ў прынцыпе не замінае моўнаму развіццю, хаця і адбіваецца на вымаўленні. На занятках з лагапедам перашкаджаў хутчэй не беларускі «акцэнт», а беларускія словы. На выяву петуха сын казаў «певень», замест сапогов – боты, замест цветка – кветка. Намёкі на тое, што з дзіцёнкам можна было б займацца крыху інакш, з улікам асаблівасцей беларускай мовы (бо мы жывем у Беларусі і ў прынцыпе не абавязаны казаць «тетрадь» і «огурец») ніяк не ўплывалі на сітуацыю. 

«Пусть ребенок научиться слушать и правильно произносить звуки, а когда вырастет – будет говорить, как ему нравится». Пры гэтым мяккае -ць у дзеясловах ці адсутнасць гука -й у канчатках прыметнікаў мужчынскага роду нязменна выпраўлялася як памылка. Чаму менавіта на рускіх словах мы павінны вучыцца размаўляць? Ці існуюць праграмы навучання для дзяцей-білінгваў, якія часцей чуюць беларускую, чым рускую мову? Чаму лагапеды вучаць маленькіх беларусаў правільнаму рускаму вымаўленню і абсалютна не дапамагаюць авалодаць беларускай мовай? 

Гэтыя пытанні так і застаюцца без адказу: магчыма, у нашай краіне існуюць спецыялісты, якія карэктна працуюць з дзецьмі-білінгвамі і арыентуюцца на практыку замежных калег, – але мы такога лагапеда не адшукалі. 

Вядома, можна было высвятляць на вышэйшым узроўні, патрабаваць, адстойваць правы, але ўскладняць наша выхаванне ў безальтэрнатыўным дзіцячым садку зусім не хацелася. Тым больш, што за вядома які заробак педагогі шмат часу і сіл аддавалі дзецям, і таму заглугоўваюць вялікай удзячнасці. «В девяностые у нас тут были белорусские группы, воспитатели переходили на белорусский язык. А теперь это как-то не модно,» – разважала наша лагапед. І чытаць лекцыю па беларусазнаўстве чалавеку ўдвая старэйшаму было неяк няёмка. Чалавека сталага ўзросту складана зрабіць «свядомым», а вось выхоўваць маленькіх беларусаў можна крыху інакш.

Інклюзія – гэта…

На паведамленне пра тое, што дзіця расце ў сям'і з «матчынай» беларускай мовай ніхто з педагогаў не рэагаваў адмоўна. «По-белорусскому разговариваете? Это хорошо. Ну заходи в группу, завтрак остывает». За чатыры гады дзіцячых садкоў выхавацелі пры мне ніколі не звярнуліся да сына па-беларуску, ніколі ў размове са мной ці з ім не перайшлі на беларускую мову. У лагапедычнай групе няма заняткаў па-беларускай мове і нават на навагодніх ранішніках ніколі не давялося пачуць беларускі вершык ці песеньку. Нібыта наш садок месціцца не ў Беларусі, а ў Смаленску ці Маскве, і даўно не існуе беларускай мовы ці нейкай там адметнай культуры.

Тут варта звярнуцца да актуальнай сёння ідэі інклюзіі. Кожны чалавек, кожнае дзіця мае права адчуваць сябе камфортна ў калектыве – з улікам уважлівага стаўлення да індывідуальных асаблівасцей. Звычайна пра інклюзію кажуць у дачыненні да дзяцей з праблемамі здароўя: ствараюць інклюзіўныя класы, робяць пандусы, каб інвалід-калясачнік мог трапіць у краму ці паліклініку, будуюць школы з ліфтамі… 

Дзіця з двухмоўнай сям'і ў рускамоўнай (але беларускай!) адукацыйнай установе таксама мае права на асаблівае стаўленне з боку педагогаў. І гэта зусім не нацыяналістычнае патрабаванне ўсім вакол пачаць размаўляць па-беларуску. Але беларуская мова ў калектыве з такім дзіцёнкам павінна гучаць часцей, каб не было моўнага бар'еру: мама размаўляе па-свойму, а ўсе астатнія – правільна. 

Часам на беларускую мову можа пераходзіць педагог (прынамсі, каб павітацца, ці ў міжасабовай размове), з дапамогай маленькага беларуса можна звярнуць увагу выхаванцаў на беларускія назвы побытавых прадметаў і ўвогуле на тое, што ёсць у свеце гэткая мова са сваімі цікавымі адметнасцямі. Усё адно ў школе давядзецца яе вывучаць!

І ніколі беларускамоўны чалавек не будзе адчуваць сябе камфортна ў грамадстве, дзе да мовы ставяцца са здзіўленнем, бо амаль ніхто яе па жыцці не выкарыстоўвае. А пачувацца збачэнцам, калі ты прадстаўнік тытульнай нацыі, – неяк недарэчна. Зрэшты, праблем з іншымі дзецьмі ў нас не было: летам ці на выходных у мове сына з'яўлялася больш беларускіх словаў, але з сябрамі ў садку ці на двары ён размаўляў пераважна па-руску. 

Так мы і раслі без ніякай інклюзіі: «Кончится садик – пойдете в белорусскую гимназию, она ведь рядом!» – абнадзейвалі нас педагогі. Беларускамоўная гімназія сапраўды знаходзіцца за некалькі прыпынкаў ад дома. Побач з ёю ёсць і беларускамоўны садок, да якога ўжо падрастаў малодшы сын. 

Месцаў няма!

За паўгады да першага верасня я патэлефанавала дырэктару беларускамоўнай гімназіі, каб удакладніць, як і калі запісацца ў першы клас. Цяпер у першыя класы гімназій дзяцей бяруць без уступных экзаменаў, што значна спрашчае справу. Дырэктар паведаміў наступнае: «Спісы будучых першакласнікаў даўно складзены, бацькі ўжо два гады стаяць у чарзе. Па прапісцы вы да нашай гімназіі не належыце, ідзіце ў бліжэйшую школу, там беларуская мова таксама ёсць. А праз чатыры гады паступайце да нас!». 

Сапраўды, мы жывём далей, чым трэба, таму прэтэндаваць няма на што. У нейкім інтэрв'ю паведамлялася пра стварэнне ў школах асобных беларускамоўных класаў. Раптам побач з намі яны таксама ёсць? У раённы аддзел адукацыі быў дасланы электронны ліст, і ў адказе паведамлялася, што адзіная адукацыйная ўстанова, якая забяспечвае атрыманне адукацыі на беларускай мове, — гэта вышэйзгаданая гімназія. Адпаведна, ніякіх іншых беларускамоўных першых класаў у нашым раёне няма. 

Крыху пазней высветлілася, што ў беларускамоўны садок малодшага сына таксама не бяруць: месцаў няма, групы перапоўненыя.

Як гэта зразумець? Беларускамоўныя адукацыйныя ўстановы зачыняюцца як непатрэбныя, але трапіць у адзіную на раёне беларускамоўную гімназію немагчыма, бо жадаючых больш, чым трэба. І як нам рэалізаваць права на атрыманне беларускамоўнай адукацыі? Штораніцы ездзіць усёй сям'ёй у вясковую беларускамоўную школу? На метро з двума дзецьмі таксама цяжка: раптам малодшы захварэе, як старэйшага на заняткі везці? Групы падтрымкі з вольных бабуль ды цётак у нас няма: усе працуюць, інакш не пражывеш. 

Вядома, варта шукаць бацькоў-аднадумцаў, збіраць подпісы, хадзіць у аддзел адукацыі, але часу на такую маштабную кампанію ўжо не было – зрэшты, дваіх дзяцей трэба не толькі выхоўваць, але і карміць, лячыць, вазіць на лецішча і нават калі-небудзь забяспечыць жыллём. 

Было б выдатна, каб у аддзеле адукацыі меўся спецыяліст, які збірае інфармацыю пра беларускамоўныя сем'і, падтрымлівае стасункі як з бацькамі, так і з дырэктарамі школ і дапамагае ў рэалізацыі канстутыцыйнага права на беларускамоўную адукацыю. Каб бацькоў сустракалі не спалоханымі вачыма, а добразычлівай размовай, і замест змагання з сістэмай пытанне пра беларускі клас альбо групу вырашалася спакойна і хутка. Знаёмыя жартуюць, што ад дзяржавы так шмат чакаць не варта, але калі ты ў гэтай краіне жывеш, на яе карысць працуеш, для яе расціш маленькіх грамадзян, то хіба нічога добрага наўзамен не трэба? 

Калі беларускамоўныя адукацыйныя ўстановы перапоўненыя, то хіба такая страшная для мінчукоў беларуская мова (якая, па чутках, нават там гучыць далёка не заўсёды)? Раптам і на дзве беларускія гімназіі ці на чатыры дзіцячых садка нават з лішкам хапіла б жадаючых? Заява пра тое, што «сітуацыя пад кантролем», прынамсі ў нашым выпадку аказалася неабгрунтаванай.

Што атрымалася?

Пакуль што мы пайшлі ў звычайную сярэднюю школу і ў звычайны садок. Настаўніца кажа, што сын – адзіны вучань у класе, які разумее беларускі тэкст і можа адразу адказаць на пытанні. Для астатніх простыя апавяданні даводзіцца перакладаць са слоўнікам. У свядомасці сына беларуская мова ляжыць пасіўным лексічным багажом, ён размаўляе па-руску. Лагапедычныя заняткі працягваюцца, і ён ужо правільна паўтарае словы пуговица, скворец і часовщик.

Пасля вечаровага чытання народных казак ці сустрэчы з беларускамоўнымі сябрамі сын часам кажа «дабранач» ці «добрай раніцы». Але на просьбу калі ласка памыць посуд часта паведамляе: 

– А ты скажи «пожалуйста» – тогда помою!

– Паедзем на вёску, хай табе дзядуля «пожалуйста» кажа, – адгукаюся я, і спрэчка часта зацягваецца, а талеркі застаюцца нямытымі. 

Калі ў сына кепскі настрой, ён часам пачынае злавацца: «Мама, разговаривай нормально, разговаривай, как все!». Магчыма, праз гадоў пяць ён зразумее, што беларуская мова – самая нармальная для жыхара нашай краіны. Але пакуль што ва ўстановах адукацыі наша мова хутчэй ігнаруецца, а не падтрымліваецца: размаўляеце па-беларуску? Нічога страшнага, але гэта рускамоўны садок, беларускага слова вы тут дарма не пачуеце. 

Хаця ў нармальнай двухмоўнай краіне ўсё павінна было б быць інакш. І пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы – крок наперад не толькі да дзяцей «свядомых» беларусаў, але і да дзяцей, якія чуюць мову ад старэйшых сваякоў ці ў час вясковых летніх вакацыяў. Бо беларусы яшчэ не вымерлі і не заўсёды адмежаваныя ад іншых у нейкім культурна-адукацыйным гета. 

Часам дзеці з двухмоўных сем'яў вучацца ў абсалютна звычайных школах і маглі б чуць беларускую мову часцей не толькі ад настаўнікаў, але і ад аднакласнікаў. І калі рускамоўнага чалавека пачынае трэсці, бо школьнікі прачытаюць лішні параграф па-беларуску, чаму б не падумаць пра беларускамоўную меншасць, якой даводзіцца «выбіваць», тлумачыць, прасіць, выбачацца…

Часта можна пачуць, што ў Беларусі ніхто не забараняе размаўляць па-беларуску – і гэта сапраўды так. Але вырасціць сына, які прынамсі дома размаўляе на «матчынай» мове, аказалася задачай нерэальнай. Калі мець больш часу ды сродкаў, ды адзінага дзіцёнка ў сям'і, вынікі маглі быць больш аптымістычнымі. Атрымліваецца, каб дзеці размаўлялі па-беларуску, трэба прыкладаць нямала намаганняў. І пры гэтым дакладна ўсведамляць, што калі праз пятнаццаць гадоў беларускамоўны сын адвучыцца і прыйдзе працаваць, яму ўсміхнуцца і скажуць: «Белорусский – очень хорошо. Но только не на работе. Правда?».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?