У Будапешце каля дзвюх тысяч чалавек выйшлі на дэманстрацыю пратэсту супраць візіту ў Венгрыю прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

Дэманстрацыя ў Будапешце прайшла ўвечары ў панядзелак. Удзельнікі акцыі пратэсту неслі плакаты «Пуціну — не, Еўропе — так!»,, «Адольф Пуцін», «Свабоду Надзеі Саўчанка!».

Многія ўдзельнікі дэманстрацыі пратэсту ў Будапешце заяўляюць, што больш цесныя адносіны з Масквой выклікаюць у іх непакой, бо гэта можа прывесці да «паўзучай пуцінізацыі» Венгрыі.

Візіты расійскага прэзідэнта ў краіны ЕС практычна спыніліся ў сувязі з канфліктам на ўсходзе Украіны. Гэта першы з чэрвеня 2014 года візіт расійскага лідара ў краіну Еўрапейскага Саюза.

Паводле аглядальнікаў, расійскі прэзідэнт хоча прадэманстраваць, што мае саюзнікаў сярод краін, якія ўваходзяць у ЕС і НАТА.

Венгрыя падтрымлівае санкцыі, накладзеныя Еўрапейскім Саюзам на Расію ў сувязі з канфліктам на ўсходзе Украіны, аднак адначасова заяўляе пра вельмі кепскія наступствы гэтых санкцый.

У 2014 годзе прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан сказаў, што ЕС «пакараў самога сябе», абмежаваўшы гандлёвыя адносіны з Масквой.

Каля паловы імпартаванага Венгрыяй прыроднага газу паступае з Расіі, і цяпер Венгрыя хацела б заключыць з Масквой дамову аб доўгатэрміновых пастаўках газу. Цяперашні дагавор заканчваецца сёлета.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?