Пачаўся суд над былым першым намеснікам міністра лясной гаспадаркі Фёдарам Лісіцам.

Судзіць экс-чыноўніка пачалі на радзіме — у Салігорску.

Працэс меркавалася правесці ў Мінску. Але яго перанеслі ў раённы цэнтр, дзе па справе праходзяць 80 сведкаў. Каб людзей не ганяць у сталіцу, дапытваць іх будуць там.

Крымінальную справу супраць Лісіцы завялі 9 красавіка 2014. За пару дзён да гэтага знялі з пасады. Падставай сталі вынікі праверкі, якую праводзілі КДБ, МУС і КДК. Чыноўніка абвінавацілі ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Паводле следства, Лісіца незаконна набыў зямельны ўчастак, пабудаваў і прыватызаваў жылы дом, нямэтава выкарыстоўваў бюджэтныя сродкі.

Матэрыялы абвінавачання цытуе «Ежедневнік»: на Лісіцу капнулі яшчэ ад 1990-х гадоў. Тады 30-гадовы Фёдар Лісіца працаваў ляснічым у Старобінскім лясгасе. Там і пачаліся незаконныя маніпуляцыі з зямлёй. Каля вёскі Яскавічы Салігорскага раёна ён пабудаваў катэдж на 294 м2. Але аказалася, што зямля тая знаходзіцца ў водаахоўнай зоне і адносіцца да ляснога фонду. І будавацца на ёй было нельга. Ужо ў 2005, калі Лісіца быў дырэктарам Старобінскага лясгаса, свой участак ён незаконна вывеў з ляснога фонду. А дом зарэгістраваў на жонку.

У выніку быў знішчаны надглебавы покрыў і адбылася дэградацыя зямель. Шкода ацэнена ў 1,34 мільярда рублёў.

У 2005—2010, па версіі абвінавачання, Лісіца даў загад выдзеліць участак ужо ў вёсцы Тычыны пад будаўніцтва ведамаснага жытла.

Фота ej.by.

Фота ej.by.

Аднак пасля будаўніцтва дома яго не ўвялі ў эксплуатацыю як службовае жытло, каб можна было прыватызаваць. Прычым дом на 252 м2 пабудаваў лясгас, якім кіраваў Лісіца. Дырэктар спа- чатку засяліўся, а пасля стаў у чаргу як чалавек, які мае па- трэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. І прыватызаваў дом. Вось толькі цана дома была зменшана на 63 мільёны — агулам жа скла- ла 309 мільёнаў рублёў. Ён мусіў выплаціць 10% ад агульнай су- мы, а рэшта раскідвалася на 40 гадоў. Такая вось звышвыгадная растэрміноўка. А затым Фёдар Лісіца перабраўся ў Мінск. У 2010 яго прызначылі першым намеснікам міністра лясной гаспадаркі.

Пераезд у сталіцу раскрыў новыя кватэрныя перспектывы. Ён папрасіў у міністра службовае жытло, хоць перад гэтым адмовіўся ад будаўніцтва трохпакаёўкі. І яму выдзелілі двухузроўневую кватэру ў Ждановічах (111 м2 ). За кошт інавацыйнага фонду зрабілі рамонт, абставілі мэбляй. Агулам на гэта пайшло больш за 300 мільёнаў рублёў.

І тады Фёдар Лісіца звярнуўся з просьбай дазволіць прыватызаваць жытло як асобе, якая мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. На гэты раз схема не спрацавала.

А яшчэ былога намесніка міністра абвінавацілі ў тым, што ад мая да верасня 2012 ён пражываў у нумары «люкс» ведамаснай гасцініцы без аплаты. Тут «накапала» 5 мільёнаў.

У судзе ж Фёдар Лісіца, як піша «Ежедневнік», усе абвінавачанні адкінуў і заявіў пра фальсіфікацыю справы. А для кожнага эпізода знайшоў тлумачэнне.

Экс-чыноўнік даводзіў, што ўчастак каля Яскавіч быў уведзены ў лясны фонд памылкова. А калі ён тое заўважыў, сам і выправіў памылку. А дом той будаваўся за грошы жончыных бацькоў. Вось на яе і зарэгістравалі катэдж. Пасля, праўда, развяліся, і ён пазбавіўся жытла.

Памылкай патлумачыў і заніжэнні ацэначны кошт дома ў Тычынах. Маўляў, ацэншчык няправільна ўказаў год яго здачы. І ў гэтым яго, Лісіцавай, віны, маўляў, няма.

А вось адмову будаваць трохпакаёўку ў Мінску спісаў на невысокі заробак у міністэрстве. Не назбіраў грошай, каб зрабіць першы ўнёсак. Таму і папрасіў службовую кватэру, якая, па яго словах, аказалася ў кепскім стане. Вось і давялося рабіць ра-монт.

Нявыплату за нумар у гасцініцы патлумачыў тым, што яму так сказалі: не плаціць.

Суд над Фёдарам Лісіцам працягваецца. Пасля ўсіх допытаў у Салігорску працэс пераедзе ўсё-ткі ў Мінск, дзе таксама хапае сведкаў па гэтай справе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?