Судовая эпапея Аляксандра Нямкевіча, супрацоўніка Баранавіцкай ДЮСШ па боксе, пачалася ў 2009-м. Тады яго прызналі вінаватым у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці — мужчына рабіў еўрарамонты, не зарэгістраваўшыся як ІП, і атрымаў «прыбытак у буйным памеры». Тады суд абавязаў яго выплаціць штраф і кампенсаваць нанесеную дзяржаве шкоду — агулам каля 16 мільёнаў рублёў.

«Грошы пачалі вылічваць з майго заробку, — расказвае Аляксандр. — Я ўсё добрасумленна выплачваў, але прыкладна праз год пасля прысуду выйшаў новы закон з адваротнай сілай: «буйным прыбыткам» пачалі лічыць суму большую, чым зарабіў я.

Таму з мяне мусілі зняць судзімасць і вызваліць ад адбыцця пакарання ў выглядзе штрафу. Аднак на тое, каб разабрацца ў зменах у Крымінальным кодэксе, Баранавіцкаму суду спатрэбіўся яшчэ год — толькі ў 2011-м, пасля ліста з абласной пракуратуры, судзімасць з Аляксандра ўрэшце знялі, а разам з тым і пастанавілі вызваліць ад штрафу.

Праўда, і тут зрабіць усё гладка не атрымалася — суд не мог вызначыцца, з якой даты лічыць мужчыну несудзімым: з даты пасяджэння ці з даты выхаду новага закона?

У выніку судовых пастановаў аказалася адразу дзве, а потым і тры — суд такім чынам выпраўляў свае памылкі. Урэшце пастанова аб зняцці з Аляксандра судзімасці набыла моц толькі ў 2013-м! За гэты час судавыканаўцы паспелі канфіскаваць у мужчыны гараж і прадаць яго.

«Гараж прадалі за адзін дзень! Я аб гэтым нават не ведаў, — мужчына шакаваны дзеяннямі суда. — Прыйшоў неяк, а там ужо чужы замок і сігналізацыя! Пры гэтым прададзены ён за смешныя грошы — за 6 мільёнаў! І гэта — рынкавы кошт? Хто яго ацэньваў? Рэальная цана гаража — некалькі тысяч даляраў. Я сам мог бы яго прадаць і выплаціць усё, што яны з мяне спаганялі. Але не — забралі, прадалі, і за гэты час у майго гаража змянілася ўжо тры ўласнікі».

Праз нязгоду з продажам гаража Аляксандр Нямкевіч пісаў скаргі ў розныя інстанцыі, у выніку Баранавіцкі суд адмяніў сваё ж папярэдняе рашэнне і прызнаў таргі нядзейснымі, але пастанову аб рэалізацыі гаража не адмяніў. Праўда, у Баранавіцкім судзе з меркаваннем Аляксандра не згодныя: маўляў, пэўныя недарэчнасці былі, але ўсё вырашылася па законе.

«Што да гаража, то суд усё рабіў правільна. Калі ў вас, напрыклад, скралі машыну і прадалі, то вы захочаце, каб злачынца вам адразу грошы аддаў, ці будзеце чакаць, пакуль ён пакрысе выплаціць? Дык вось і тут: гараж быў прададзены, каб хутка кампенсаваць шкоду, нанесеную дзяржаве», — тлумачыць старшыня Баранавіцкага суда Мікалай Кміта.

Ці мог Аляксандр сам прадаць свой гараж? І чаму яго прадалі за такую маленькую суму? Тут суддзя прамаўчаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?