Каліфарнійская кампанія Alternative Ballistics прапанавала аднаразовую насадку на пісталет, якая зробіць зброю траўматычнай. Гэта дае апошні шанец спыніць злачынца, не забіўшы яго, тлумачыць CNN у відэарэпартажы.

У выпадку, калі гвалт непазбежны, але афіцэр паліцыі яшчэ мае прынамсі тры секунды, на пісталет надзяваецца падобная да цацкі насадка.

Стваральнікі называюць насадку «падушкай бяспекі для куляў». На канцы насадкі металічны шарык. Куля з пісталета трапляе ў шарык і штурхае яго наперад з вялікай хуткасцю. Але тая хуткасць значна меншая за хуткасць кулі — прыкладна ў 50 раз.

Насадку нельга назваць гарантавана нелетальнай — кампанія кажа пра стрэл з ёй як пра «меней летальны».

Трапленне такім шарыкам будзе падобным да ўдару малатком у грудзі. Балюча, але ў абсалютнай большасці выпадкаў не насмерць.

Насадка 9 год распрацоўвалася былым афіцэрам паліцыі, распавядае дырэктар кампаніі Крыстыян Эліс. Аўтару ідэі не спадабалася, што паліцыянты страляюць баявымі тады, калі яшчэ ёсць імгненне на ратаванне жыцця, але папросту няма альтэрнатывы агнястрэльнай зброі. Напрыклад, калі на паліцыянта бяжыць злачынца з нажом.

Паліцыянты ў ЗША, як і па ўсім свеце, узброеныя баявымі патронамі. Нелетальная зброя існуе, але не мае шырокага распаўсюду. «Падушка бяспекі» ёсць недарагой альтэрнатывай пераўзбраенню нелетальнай зброяй.

Пакуль толькі адзін дэпартамент паліцыі ў ЗША вырашыў узяць «падушкі бяспекі для куляў» на тэст.

«Менш летальныя» кулі могуць пачаць лётаць па Фергюсане, штат Місуры. Тым самым, дзе нядаўна адбываліся масавыя пратэсты супраць забойства паліцыянтам няўзброенага падлетка.

Тэсты «меней летальных» стрэлаў на людзях пакуль не праходзілі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?