Кінастудыя «20th Century Fox» дамовілася аб удзеле ў новым «Чужым» рэжысёра Ніла Бломкампа, вядомага па фільмах «Раён №9», «Элізіюм» і «Робат па імі Чапі», паведамляе Variety. Раней на ўдзел у праекце намякаў сам рэжысёр.
Бломкамп у сваім Instagram у знак пацверджання ўдзелу ў праекце апублікаваў малюнак «Чужога» з подпісам «Гм… Здаецца, афіцыйна гэта мой наступны фільм. #Чужы».
Рэжысёр раней казаў аб магчымым удзеле ў новым «Чужым» Сігурні Уівер — выканаўцы галоўнай ролі ў чатырох арыгінальных «Чужых», з якой ён працаваў над фільмам «Робат па імі Чапі». Таксама рэжысёр казаў аб тым, што новы «Чужы» будзе не перазапускам, а працягам гісторыі.
Стваральнік сусвету «Чужога» і рэжысёр першага фільму серыі Рыдлі Скот стане прадзюсарам фільма, дадае Deadline. Папалельна ён будзе працаваць над «Праметэем-2», сіквэлам прыквэла «Чужога». Сцэнары што да новага «Чужога», што да «Праметэя-2» пакуль не гатовыя.
Раней Бломкамп публікаваў у сваім Instagram нямала канцэпт-артаў з сусвету «Чужога». Некаторыя з іх:
***
Першы «Чужы» выйшаў у 1979 годзе. Фільм стаў культавым, заўважна паўплываў на кінажанры хорара і навуковай фантастыкі, стварэнне візуальных эфектаў і паказ монстраў у кіно. Сусвет «Чужога» атрымаў тры прамых сіквэлы, прыквэл, два фільмы-красоверы з сусветам «Драпежніка», дзясятак відэагульняў і безліч коміксаў.