Набыла працяг гісторыя са знойдзеным 18 лютага ў Мінску на вуліцы Лібкнехта ў багажніку аўтамабіля Mercedes трупа невядомага мужчыны. Як інфармуюць кыргызскія СМІ, забіты — гэта грамадзянін Кыргызстана Алмамбет Анапіяеў (у крымінальных колах ён вядомы, як «Алмамбет Алайскі»). Праўда, інфармацыя, атрыманая ад беларускіх праваахоўнікаў, яшчэ правяраецца галоўным упраўленнем па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС Кыргызстана.

Паведамляецца, што ў Бішкек з Мінска даслалі копію пашпарта грамадзяніна Расіі з фотаздымкам Анапіяева, выдадзены на імя Алмазбека Мійзамавіча Шакірава, а таксама фота акрываўленага цела мужчыны.

Вядома, што Алмамбету Анапіяеву быў 41 год.

Першы раз ён трапіў за краты ў 2003 годзе за рабаванне, быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі, але праз тры гады яго вызвалілі датэрмінова. Чатыры гады таму Анапіяеву выставілі завочна абвінавачанне адразу па трох артыкулах, у тым ліку ў выкраданні чалавека. Яго аб'явілі ў міжнародны вышук.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, крымінальны аўтарытэт у апошнія гады жыў у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах.

Партал tut.by дадае, што забіты ляжаў у багажніку з мехам на галаве, звязанымі рукамі, без абутку. У яго было нажавое раненне шыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?