Міністр фінансаў Беларусі Уладзімір Амарын не выключае, што давядзецца перагледзець параметры рэспубліканскага бюджэту на 2015 год.
Пра гэта ён паведаміў журналістам 20 лютага ў палаце прадстаўнікоў. На пытанне, ці будуць пераглядацца параметры бюджэту з-за зніжэння цэн на энерганосьбіты і змены валютных курсаў, міністр адказаў: «Хутчэй за ўсё, так». Пры гэтым ён не ўдакладніў, зыходзячы з якіх паказчыкаў будзе пераглядацца бюджэт. «Ёсць розныя ацэнкі», — адзначыў Амарын.
Асноўныя палажэнні закона «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2015 год» набылі моц 1 студзеня. Бюджэт зацверджаны ў памеры 141 трлн. 15 млрд. 941 млн. 595 тыс. рублёў зыходзячы з прагназаванага аб'ёму даходаў у 156 трлн. 717 млрд. 409 млн. 202 тыс. рублёў. Такім чынам, прафіцыт бюджэту на 2015 год складзе 15 трлн. 701 млрд. 467 млн. 607 тыс. рублёў.
Бюджэт быў разлічаны з улікам сярэднегадавога курсу даляра 11.400 беларускіх рублёў і цаны бараля нафты маркі Urals у 83 даляры супраць 104 даляраў у 2014 годзе.
Пры гэтым ужо ў студзені ў Беларусі фактычна была праведзеная паэтапная дэвальвацыя, курс дасягнуў 15 тысяч рублёў за даляр.