Выява: Forbes

Выява: Forbes

Даследчыкі прааналізавалі пераможцаў прэміі Нацыянальнай кінаакадэміі ЗША з 1965 года. Іх вынікі — дрэнныя навіны для Эддзі Рэдмэйна, якога называюць галоўным прэтэндэнтам на «Оскар» за найлепшага актора, піша Yahoo News.

Па выкінах даследавання, найвялікшыя шанцы на перамогу маюць фільмы працягласцю 140 хвілін, акторы ўзростам у 45 год і акторкі ўзростам 38 год.

Паводле даследавання, найлепшыя шанцы маюць 38-гадовая Рыз Уізерспун (галоўная роля ў «Дзікай») і 40-гадовы Брэдлі Купер (галоўная роля ў «Амерыканскім снайперы»). Па хронаметражы сярод фільмаў найлепшы кандыдат — «Амерыканскі снайпер».

Медыямагнат Марк Пірсан, які ёсць замоўцам даследавання, адзначае, што да вынікаў трэба ставіцца з гумарам — такія аналізы могуць стаць добрай нагодай для абмеркаванняў і дапамогуць скаратаць час да цырымоніі, што адбудзецца 22 лютага.

Праўда, іншы аматар статыстыкі, Бэн Заўзмер, прарочыць перамогу «Бёрдмэну», Эддзі Рэдмэйну і Джуліяне Мур.

Ён сцвярджае, што яго матэматычная мадэль паспяхова прадказвае да 75% пераможцаў штогод. Мадэль выкарыстоўвае адкрытыя звесткі — меркаванні крытыкаў ды перамогі і намінацыі на іншых прэміях.

Паводле яго мадэлі, з імавернасцю ў 55,6% найлепшым рэжысёрам прызнаюць Алехандра Ганзалез Іньярыту за фільм «Бёрдмэн», гэты ж фільм атрымае «Оскар» за найлепшы сцэнар з імавернасцю 44,3%, найлепшым мультфільмам з імавернасцю 45,6% стане «Як прыручыць дракона-2», а найлепшым фільмам на замежнай мове — польская «Іда», імавернасць 56,3%.

Збольшага, але не заўсёды, менавіта вынікі Заўзмера падобныя да ставак у букмейкерскіх канторах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?