«НН» не можа змясціць на сваёй старонцы гэтае відэа, бо там прысутнічаюць заклікі да ўзброенай падтрымкі «ДНР» і змены існых дзяржаўных межаў. Але мы палічылі важным працытаваць некалькі момантаў.

«Белы» — разам з снайперкай з Барысава Наталляй Красоўскай – самы вядомы беларускі найміт у «ДНР». У зоне баявых дзеянняў ён ужо ад чэрвеня 2014-га. Кажа, што з Беларусі выехаў у Маскву, адтуль — у Растоў, а ўжо потым — у зону канфлікту. «Беламу» 23 гады, гаворыць з яўным беларускім акцэнтам, з цвёрдым «ч». На гэта нават звяртае ўвагу вядучы.

«Таму, мабыць, і «Белы», бо з Беларусі» — пытаюцца ў байца?

«Ну так, ну так», — усміхаецца той.

Мова «Белага» даволі бедная і блытаная. Фактычна толькі аднойчы ён дае разгорнуты адказ, калі гаворка заходзіць пра баі за Данецкі аэрапорт.

Менавіта «Белы» ўсталяваў сцяг «Наваросіі» над старым тэрміналам аэропорта, а вось пры штурме новага быў паранены ў нагу.

«Белы» з вялікай настальгіяй і павагай успамінае службу ў «5-ай асобнай брыгадзе спецназа» ў Мар’інай Горцы. «Там усё засталося савецкім, там прыўкрасна ўсё. Кожны тыдзень стрэльбы, палявыя… Вучэнні, вучэнні, вучэнні».

Чаму беларускі хлопец паехаў ваяваць за «ДНР»? «У інтэрнэце пабачыў відэа, як у Славянску жанчыну правязалі да БТР-а і цягалі па гораду. Дзіця прыбілі да плота. Гэта ўсё не паказвалі, але гаварылі. Гэта мяне закранула. Было гэта насамрэч ці не… Але гэта закранула. Гэта быў край». Гэта славутая гісторыя пра «распятага хлопчыка», якая выявілася самым грубым і непрафесійным фэйкам расійскай прапаганды. Але, як бачым, на некага гэта падзейнічала вось так.

У Белага пытаюцца, у якіх баявых дзеяннях ён браў удзел?

«Станіца Луганская [там, дарэчы, быў паранены беларускі снайпер з батальёна «Тарнада» з пазыўным «Маджахед»], Луганскі аэрапорт – там усё хутка было, ніхто не трымаўся за гэты аэрапорт. Здача Дэбальцава ў чэрвені. На Савур-Магіле быў у ліпені, калі помнік ноччу «Градамі» разнеслі».

«Мы не проста кучка. Мы – рэгулярная армія. Добра ўкамплекатаваныя, у кожнага ёсць свая зброя, свая пазіцыя. Ёсць ПТРД калібрам 14,5 супраць тэхнікі, ёсць «Уцёсы» калібрам 12,7. А так у асноўным АК, наша савецкае, доблеснае АК. Рэгулярныя ўкраінскія войскі маюць фактычна тое ж узбраенне, а вось Нацыянальная гвардыя, батальёны, то мы там шмат сустракалі М-16, нават ёсць рускія вінтоўкі ВСС і ВСК», — кажа «Белы»

«Праціўніка нельга недаацэньваць», — гаворыць ён пра ўкраінскіх вайскоўцаў.

Колькі ж беларусаў ваюе на баку «Наваросіі». «Нас тут адзінкі, — шчыра кажа «Белы». – Да лістапада я быў адзін.

Тады прыехаў Дзіма Макарэвіч, пра яго ўсе ведаюць. Зараз яшчэ 8 чалавек прыехала. І яшчэ 23 пад’едзе». Гэтыя словы выглядаюць на прапаганду, калі пра «Белага» і Макарэвіча сапраўды добра вядома, то пра астатніх байцоў ніколі нічога чутна не было.

«Бандэраўцы – горшыя за фашыстаў. У нас у Беларусі ёсць легендарная Хатынь, хто яе спаліў? Асабіста Бандэра. Я нарадзіўся за сем кіламетраў ад Хатыні, потым мы ўжо з’ехалі ў Мінску. Там жа асабіста быў Бандэра», — кажа «Белы».

Вось так дзейнічае расійская прапаганда. Ясна, што ніякага Сцяпана Бандэры ў сакавіку 1943 года ў Хатыні быць не магло. У гэты час кіраўнік Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў знаходзіўся ў зняволенні ў нямецкім канцлагеры Заксэнхаўзэн. А Хатынь спаліла зондэркаманда, набраная з былых савецкіх ваеннапалонных – так, украінцаў, але такія ж набіралі з ліку рускіх ці латышоў.

«Белы» кажа, што не плануе вяртацца ў Беларусь.

«Наваросію» ён лічыць сваёй новай радзімай. Марыць пра кар’еру вайскоўца. «Мне гэта падабаецца».

«Мне хацелася б ездзіць у Беларусь у госці, але нам нельга, бо ўрад беларускі прыняў закон, што тыя, хто едзе ваяваць у зону АТА прыраўніваецца да тэрарыстаў… Наймітаў. Даюць вялікія тэрміны. Толькі я не ведаю за што. Я паважаю беларускага прэзідэнта, мне там усё падабалася. Нармальны мужык. У нас у 2015-м годзе выбары, ён баіцца, што мы прыедзем і зробім пераварот. Навошта нам тое трэба?»

«Белы» кажа, што ва ўкраінскіх батальёнаў беларусаў непараўнальна больш.

«Колькі беларусаў у «Айдарах», «Азовах», іх там больш тысячы ўжо. Вельмі шмат!». Ён нават расказаў гісторыю аб сваім сябры з 5-ай дэсантнай брыгады, які ваяваў на баку Украіны. Гэта таксама перабольшванні. На ўкраінскім баку беларусаў, сапраўды, больш, чым сярод баевікоў, але і там іх. Паводле нашых ацэнак, дзясяткі, а не сотні.

«Страх ёсць заўсёды. Страх — гэта самазахаванне», — кажа ён. За час баявых дзеянняў «Белага» тройчы ранілі, было чатыры кантузіі. «У нас усе ўжо кантужаныя», — смяецца ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?